Камунальнікі адказалі на злабадзённыя пытанні сенненцаў

У РУП ЖКГ прайшла чарговая «прамая тэлефонная лінія», правёў якую выконваючы абавязкі дырэктара Сенненскага раённага ўні­тарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мікалай Мі­хайлавіч ЖУКОЎСКІ.

 Жыхары горада і раёна звярнуліся з наступнымі пытаннямі.

 Вольга Сцяпанаўна Сах­нова (в.Какоўчына, вул. Школьная, д.4, кв.7) хацела ўдакладніць, ці будзе сёлета вырашана пытанне з газіфікацыяй дома.

 М.Ж.: У асноўную праграму па газіфікацыі, разлічаную да 2015 года, дом уключаны не быў. Дадатковых сродкаў на яго пакуль не выдзелена. Таму ў 2013 годзе газіфікацыя праведзена не будзе.

 Людміла Аркадзьеўна Дудкіна (в.Машканы, вул. Цурана, д.7, кв.3) паскардзілася на сырасць у кватэры.

 М.Ж.: У мінулым годзе ў кватэры быў зроблены касметычны рамонт, устаноўлены абагравальнік-сушылка, рэкамендавана рэгулярна праветрываць памяшканне. На думку камісіі, якая выязджала на месца, гэтыя меры павінны былі дапамагчы пазбегнуць сырасці. Але яна з’явілася зноў. Будзе назначана яшчэ адна камісія для абследавання кватэры.

 Конюшка Святлана Ада­­маўна ( г.Сянно,вул. Пятаковіча) паскардзілася на дрэнны стан тратуара ўздоўж возера насупраць «Каплічкі»: па ім немагчыма прайсці, рухацца даводзіцца  па праезнай частцы.

 М.Ж.: З-за вялікага снегу прачысціць пешаходную дарожку раней  было немагчыма, не магла заехаць тэхніка. Цяпер тратуар добраўпарадкуюць.

 Ніна Фёдараўна Мяцеліца, кіраўнік міні-праекта «Родник» таварыства Чырвонага Крыжа, папрасіла паскорыць замену сантэхнічнага абсталявання ў кватэры падапечнай А.П.Шурынавай, якая пражывае ў г.Сянно па вул.Чырвонага Кастрычніка, д.4, кв.22.

 М.Ж.: Калькуляцыя кошту работ ужо зроблена. Пасля яе ўзгаднення з заказчыкам пачнуцца работы.

 Ларыса Валянцінаўна Камандышка (г.Сянно, вул. Заводская, д.6, кв.24) паведаміла, што ў ванным пакоі перыядычна не грэе «змейка», малы ціск вады ў кранах і яе шмат трэба зліць, каб пайшла гарачая.

 М.Ж.: Будзе адпраўлена брыгада сантэхнікаў, якая ацэніць сітуацыю на месцы.

 Ганна Васільеўна Валадкевіч (в.Аўчынкава): у вёсцы адключылі водаправод.

 М.Ж.: Па гэтым пытанні трэба звяртацца ў ААТ «Сінягорскае». Водаправод вёскі Аўчынкава не знахо­дзіцца на абслугоўванні жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

 Валянціна Сцяпанаўна Мірановіч (в.Бяленева) папрасіла адрамантаваць дарогу па вёсцы, якая ўся разбітая, у ямках.

 М.Ж.: Дарогу гэту перадалі на баланс ЖКГ. Але рамантавацца яна павінна за грошы сельскага Савета. Старшыня Какоўчынскага сельскага Савета Сяргей Цярэня паабяцаў выдзеліць грошы на рамонт вышэйназванай дарогі ў другім квартале бягучага года.

 Кацярына Іванаўна Казімірская (в.Цыпкі, д.7, кв.13) наракала на гразь і лужы на тэрыторыі двара дома.

 М.Ж.: Дом уключаны ў план капітальнага рамонту на сёлетні год. У час яго правя­дзення і будзе добраўпарадкавана тэрыторыя двара.

 Уладзімір Мікалаевіч Берашэвіч (в.Н.Обаль, вул. Маладзёжная, д.7, кв.5) паскардзіўся на зацяканне вады ў кватэру.

 М.Ж.: Пры асеннем агля­дзе дом унесены ў план рамонту дахаў. Рамонт будзе зроблены ў другім квартале года.

 Святлана Міхайлаўна Бутаровіч (в.Нямойта, вул. Маладзёжная) паведаміла, што да водаразборнай калонкі пасля таго, як яе адрамантавалі, складана дабрацца з-за гразі, якая ўтварылася вакол.

 М.Ж.: У бліжэйшы час ля калонкі будзе праведзена добраўпарадкаванне.

 Міхаіл Іванавіч Архіпаў патэлефанаваў на «прамую лінію» з удзячнасцю камунальшчыкам за тое, што своечасова справіліся са складанымі ўмовамі надвор’я і стараюцца падтрымліваць у горадзе парадак.

 У час правядзення «прамой лініі» Мікалай Жукоўскі, каб не адкладваць справу, звязваўся з кіраўнікамі службаў ЖКГ, у кампетэнцыі якіх было вырашэнне таго ці іншага пытання.

 Дапамагала ў правядзенні «прамой лініі» спецыяліст па зваротах жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ніна Шыдлоўская.

 Таццяна Буракова.