Пётр ўсюды першы

Дзесяцікласнік СШ№2 г.Сянно Пётр Труханенка (на здымку) стаў першым у асабістым заліку на рэспубліканскім этапе зімовага шматбор’я «Здароўе» сярод школьнікаў.

Юнак удала выступаў у складзе зборнай Сенненскага раёна на абласным этапе шматбор’я. Пятра разам з Мікітам Аксёнавым, навучэнцам 9 класа другой сенненскай школы, і яшчэ некалькімі землякамі-спартсменамі абралі прадстаўляць Віцебскую вобласць на рэспубліцы.

 Вочы 15-гадовага юнака адразу заззялі, калі размова зайшла пра спорт. Пакуль спартыўны напрамак з’яўляецца прыярытэтным  у яго жыцці. Хлопец не супраць паганяць футбольны мяч, згуляць у валейбол, партыю ў тэніс. Але на першым плане ў яго — трэніроўкі па біятлоне ў Валерыя Лектарава.

 Між тым, юнак актыўна прымае ўдзел у шматлікіх школьных і раённых мерапрыемствах. Узначальвае аддзел аховы здароўя, спорту і турызму пярвічнай арганізацыі БРСМ СШ№2 г.Сянно. Калі быў крыху меншым, выступаў барабаншчыкам у піянерскай дружыне школы. Штогод удзе­льнічае ў ваенна-патрыя­тычнай гульні «Зарніца».

 Выхаваны, дружалюбны, разумны, Пётр заўсёды прыслухоўваецца да меркавання сваіх бацькоў. Ды і галоўная падтрымка ў важных для Пеці пытаннях зыходзіць менавіта ад іх. Бацькі — лепшы прыклад і аўтарытэт для сына. Разам з татам, Генадзем Труханенкам, супрацоўнікам РВУ «Сяннорайгаз», займаюцца спортам, прымаюць удзел у спартыўных спаборніцтвах. Вось і ў сёлетнім раённым чэмпіянаце па валейболе абодва прадстаўлялі каманду райгаза. А без маці, Ірыны Труханенка, настаўніцы англійскай мовы СШ№2 г.Сянно, не праходзіць амаль ніводнае школьнае мерапрыемства. Ад дзеда Пятра Рацькова, трэнера па біятлоне і тэнісе Сенненскай СДЮШАР­, таленавіты ўнук таксама атрымлівае карысныя парады. А самы лепшы сябар — гэта родны брат Іван.

 У вучобе сярэдні бал Пятра перавышае адзнаку восем. Юнак марыць паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт «Міжнародныя адносіны».

Ірына ГАРБАЧОВА.