Валанцёры Сенненшчыны падтрымаюць кожнага

Круглы стол, пры­свечаны пытанням  удзе­лу  пажылых  лю­дзей у жыцці супола, прайшоў на Сеннненшчыне. Мерапрыемства было арганізавана з нагоды дня пачатку рэалізацыі міні-праекта «Родник».

 Пенсіянеры абмяняліся вопытам работы ў сваіх згуртаваннях, падрыхтавалі невялікі канцэрт.

Адкрыла сустрэчу старшыня Сенненскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Святлана ЯЗЫКОВА, якая прадставіла ўдзельнікаў круглага стала.

 Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Зоя ФАМІНА ў сваёй прамове павітала прысутных, падзякавала нястомным энтузіястам-пен­сіянерам за іх плённую дзейнасць. Дзякуючы створаным суполкам пажылыя людзі могуць сябе рэалізаваць, падзяліцца вопытам з маладымі, зазначыла Зоя Сцяпанаўна. Пасля арганізацыі першай суполкі «Родник» ідэю падхапілі, і цяпер у раёне працуюць міні-праекты «Мы разам!» і «Маладыя душой». Намеснік старшыні райвыканкама выказала спадзяванне, што пры падтрымцы абласнога аддзялення Чырвонага Крыжа будзе дадзена жыццё яшчэ аднаму праекту ў г.п.Багушэўску. Яго кіраўнік Галіна Секачова за невялікі час сумела згуртаваць актыўных пенсіянераў гарпасёлка, нават правяла ўжо прэзентацыю сваёй работы. Наогул, сучаснаму пенсіянеру, чалавеку граматнаму, актыўнаму, цяжка пасля выхаду на заслужаны адпачынак застацца па-за справамі, сказала Зоя Сцяпанаўна, таму суполкі, якія аб’ядноўваюць гэту катэгорыю людзей, вельмі патрэбныя.

 Адзначыла выступаючая і плённую работу Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насель­ніцтва Сенненскага раёна і яго дырэктара Тамары Смірновай, якой нядаўна выпаў гонар стаць «Чалавекам года Віцебшчыны». Вопыт работы Цэнтра, у якім выкарыстоўваюцца разнастайныя формы дзейнасці, вывучаюць у іншых раёнах, адзначыла Зоя Фаміна.

 За «круглым сталом» з невялікай справаздачай выступіла кіраўнік міні-праекта «Родник» Ніна МЯЦЕЛІЦА.

 Міні-праект пачаў сваю дзейнасць 7 красавіка 2009 года. Спачатку ў ініцыятыўную групу ўваходзіла 7 жыхароў райцэнтра. Цяпер суполка налічвае 30 чалавек, 9 з якіх — былыя медработнікі. Удзельнікі міні-праекта — людзі запатрабаваныя ў грамадстве, адзначыла Ніна Фёдараўна. Сярод іх ёсць засядацелі раённага і абласнога судоў, члены прэзідыума раённага савета ветэранаў, старшыні ветэранскіх арганізацый горада і УЗ «Сенненская ЦРБ», члены выбарчай камісіі, лаўрэат і дыпламант конкурсу «Песні сунічных бароў», салісты народнага хору ветэранаў, сястра міласэрнасці Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.

 За час свайго існавання суполка выканала пэўную работу. За сродкі замежных партнёраў яшчэ ў пачатку дзейнасці міні-праекта былі набыты 5 веласіпедаў, карыстаючыся якімі, удзельнікі ініцыятыўнай групы дапамагаюць сястры міласэрнасці абслугоўваць адзінокіх састарэлых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

 Адзін з напрамкаў дзейнасці суполкі —  сумесная работа з валанцёрамі з моладзевага міні-праекта «Нашчадкі Анры Дзюнана». Моладзь і пенсіянеры разам праводзяць акцыі: «З днём нара­джэння, Чырвоны Крыж!», «Падзяліся цяплом сваім», «Разам супраць туберкулёзу», «Мяняю цыгарэту на цукерку», «Ёлка жаданняў», «Разам супраць пажараў» і іншыя. Выступаюць з лекцыямі па прафілактыцы грыпу.

 З мэтай абмену вопытам удзельнікі міні-праекта «Родник» сустракаюцца з іншымі ініцыятыўнымі групамі: «Мы — разам!» з в.Папоўка нашага раёна, «Дабрабыт» аграгарадка «Ноўка» Віцебскага раёна, згуртаваннем актыўных пенсіянераў з г.Пскова.

 Цесна супрацоўнічае «Родник» з Тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва. Удзель­нікі згуртавання наведваюць аддзяленні кругласутачнага і дзённага знаходжання ТЦСАН. Для выхаванцаў дзіцячага сацыяльнага прытулка збіраюць кнігі, адзенне, цацкі.

 «Родник» выязджае з канцэртамі ў населеныя пункты раёна. Сярод яго канцэртных пляцовак — вёскі Ходцы, Багданава, Свабодная, Міхалполле, Запруддзе, Ског, Пастушкі, Філёва і многія іншыя.

 «Раднікоўцы» — удзельнікі шматлікіх раённых мерапрыемстваў: конкурсаў «А ну, бабулі!», «Самыя абаяльныя і прывабныя», «Дзяўчыны з характарам» і іншых.

 Са жніўня 2011 года члены міні-праекта займаюцца добраўпарадкаваннем  парка імя 40-годдзя Перамогі. Абсталявалі сцяжынку здароўя, зрабілі клумбы, пасадзілі кветкі.

 У канцы свайго выступлення Ніна Мяцеліца падзякавала за дапамогу ў рабоце міні-праекту намесніку старшыні райвыканкама Зоі  Фаміной, аддзелам ідэалагічнай работы і культуры райвыканкама, УЗ «Сенненская ЦРБ», старшыні раённай арганізацыі БТЧК Святлане Языковай, раённаму савету ветэранаў і іншым арганізацыям горада, якія нераўнадушна адносяцца да патрэб пенсіянераў.

 Пра работу ініцыятыўнай групы «Мы — разам!» расказала яе кіраўнік Ала ШМУРАДКА. Гэта згуртаванне таксама дзейнічае 4 гады. На грошы, выдзеленыя на развіццё праекта, была куплена газонакасілка, з дапамогай якой абкошваюцца прыдамавыя тэрыторыі. Члены ініцыятыўнай групы займаюцца зборам лекавых траў, вязаннем, вышыўкай, адзначаюць народныя святы, святы сямейна-бытавога календара, даглядаюць яўрэйскія могілкі.

 Цяпер ініцыятыўная група налічвае 16 чалавек. Прыйшлі ў яе і людзі больш маладога ўзросту.

 Старшыня Ходцаўскага сельскага Савета Вольга ШЧАРБАКОВА расказала аб дзейнасці суполкі «Маладыя душой», якая працуе другі год. У яе ўвахо­дзяць 18 чалавек, у асноўным былыя настаўнікі, бухгалтарскія работнікі. Удзельнікі групы аказвалі дапамогу ў афармленні і адкрыцці этнаграфічнага музея, гуманітарную дапамогу рэчамі маючым патрэбу жыхарам сельсавета, наведваюць інвалідаў на даму, віншавалі са святамі ветэранаў. За выдзеленыя сродкі суполка набыла трэнажоры, займаючыся на якіх, яе ўдзельнікі ўмацоўваюць сваё здароўе.

 На гэты год у планах ходцаўскай ініцыятыўнай групы — сабраць інфармацыю пра знакамітых землякоў і сістэматызаваць яе ў альбоме-летапісе. А яшчэ пенсіянеры паставілі перад сабой задачу навучыцца карыстацца камп’ютарам.

 Нядаўна ў г.п.Багушэўску адкрылася чацвёртае аддзяленне ТЦСАН. Яго планамі падзялілася кіраўнік Галіна СЕКАЧОВА. Тут плануюць падрыхтаваць 8 валанцёраў па розных напрамках дзейнасці. Будуць актыўна вывучаць работу на камп’ютары. А яшчэ багушэўцы хочуць мець цяпліцу для вырошчвання расады кветак. У іх планах таксама супрацоўніцтва з домам інвалідаў.

 Пра ролю валанцёраў у развіцці работы па догля­дзе на даму расказала медыцынская сястра міласэрнасці Валянціна СТЫЧЫНСКАЯ.

 Каардынатар па рабоце з суполкамі Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК Таццяна ДРОБЫШ расказала аб перспектывах развіцця дзейнасці з удзелам уразлівых катэгорый грамадзян у жыцці суполак. Яна запрасіла прыняць удзел у месячніку Чырвонага Крыжа, які праходзіць пад дэвізам «Розныя дзеці, розныя магчымасці», абласная акцыя якога носіць назву «Бабуліна казка». Таццяна Анатольеўна паведаміла, што запланавана адкрыццё шэрагу праектаў для пажылых людзей. З гэтай мэтай праводзіцца акцыя па вывучэнні задаволенасці насельніцтва сацыяльным абслугоўваннем.

 Госця з вобласці дала станоўчую ацэнку рабоце міні-праектаў Чырвонага Крыжа, якія дзейнічаюць на Сенненшчыне.

 У пасяджэнні круглага стала прынялі ўдзел і выступілі Аляксандра ПАПКОВА, каардынатар па рабоце з суполкамі Беларускага Чырвонага Крыжа, і Тамара Смірнова, дырэктар ТЦСАН.

 Таццяна Буракова.

 На здымках: у час пасяджэння круглага стала.