Залежнасць ад мацярынства

На сённяшні дзень у Сенненским раёне налічваецца 45 прыёмных сямей, у якіх выхоўваецца 73 дзіцяці. У кожнай з іх свой шлях да «прафесійнага бацькоўства». Аднак аб’ядноўвае прыёмныя сем’і  адно — жаданне дапамагчы. Выбар нельга назваць простым, але, безумоўна, ён асвечаны, бласлаўлёны Богам. А Бог дае ў разы больш тым,  хто робіць дабро. Шчасце гэтых людзей не ў грошах (ніякія даплаты не могуць параўнацца з  самаадданай бацькоўскай працай), а ў дзіцячым смеху, разумненькіх галоўках, сытых жывоціках.

 Серыя публікацый, падрыхтаваная сумесна карэспандэнтамі раённай газеты «Голас Сенненшчыны» і спецыялістамі ДУА «Сацыяльна-педагагічны цэнтр г.Сянно» прысвячаецца менавіта такім сем’ям. Магчыма, іх прыклад стане натхняльным, а вопыт — карысным для многіх сенненцаў, і ў нашым раёне сапраўды не застанецца ніводнага кінутага дзіцяці.    

Пайсці на такі адказны крок — узяць дзіця з прытулку — Наталлю Пабыліца з аграгарадка Белая Ліпа прымусіла ўласцівае жаночай душы жаданне клапаціцца аб тых, хто аказаўся абдзелены лёсам.

 Родныя дзеці, а іх у Наталлі Мікалаеўны двое — Павел і Анастасія, — сталі дарослымі, вылецелі з бацькоўскага гняз­дзечка, куды цяпер прыязджаюць на выхадныя. У жыцці сужэнцаў Наталлі і Рыгора з’явілася шмат вольнага часу, а ў іх прасторным доме стала нязвыкла ціха і пуста. Неяк па тэлевізары жанчына ўбачыла перадачу пра дзяцей-сірот і прыёмныя сем’і, якія бяруць іх на выхаванне. У галаве мільганула думка: а мо і я змагу дапамагчы хоць аднаму дзіцяці? Падзялілася з мужам. Той прапанову жонкі падтрымаў. Так, у 2006 го­дзе ў іх сям’і з’явіўся «першынец» Сярожа.

 Было страшна, шчыра прызнаецца Наталля. Усё ж гэта чалавек, асоба са сваімі звычкамі, характарам. Хоць і маленькі. Хваляваліся не за нейкія там праявы «дрэннай» спадчыны. Баяліся за дзіця, каб не прычыніць яму чарговую душэўную траўму. Бо самае жудаснае для дзіцяці мець бацькоў, якія не могуць ці не жадаюць яго любіць.

 Цяпер Сяргей — цалкам самастойны малады чалавек, студэнт. А сям’я Пабыліцаў папоўнілася на 4 маленькія душы. Праз год пасля з’яўлення Сярожы ў іх сям’ю прыйшлі адразу трое: старэйшай Леначцы было 7 гадкоў, яе сястрычцы Кацярынцы — 5, браціку Юру — не больш за 3. Часовым, але такім доўгачаканым, домам сядзіба Пабыліцаў стала для падлетка Васіля. Дзякуй Богу, родная маці хлопчыка здолела аднавіць свае бацькоўскія правы. А на месца Васі неўзабаве прыйшоў шасцігадовы Арцёмка.  Наталля не баялася стаць адразу шматдзетнай маці. «Люблю, калі ў доме шмат дзяцей, і шчаслівая ад адчування таго, што я ім патрэбна», — кажа яна. 

 Сёння Наталля называе цяжкасці, якія давялося пераадольваць на пачатку прафесійнага бацькоўства, «сямейнымі пытаннямі». А без іх, як вядома, не абыходзіцца ніводная ячэйка грамадства. Так, былі праблемы з дысцыплінай, значныя намаганні давялося пакласці на барацьбу са шкоднымі звычкамі, што «прывіваліся» ў біялагічных сем’ях. Не адразу паміж дзецьмі і новымі «бацькамі» наладзіліся даверлівыя ўзаемаадносіны. У дадатак да ўласнага бацькоўскага вопыту Наталля, па адукацыі эканаміст па бухгалтарскім уліку, стала вывучаць педагагічную літаратуру. Неяк у бібліятэцы на вочы патрапілася кніга В.А.Сухамлінскага «Як выхаваць сапраўднага чалавека». «Сухая тэорыя» неўзабаве стала для яе цікавейшай чытанінай і першым памочнікам у выхаванні прыёмных дзяцей. Практычнымі парадамі дапамагалі супрацоўнікі СПЦ, сектара аховы дзяцінства раённага аддзела адукацыі. Яна вынайшла сваю формулу выхавання сапраўднага чалавека: асабісты прыклад, плюс пахвала і мінус раздражненне.

 Сёння Лена і Каця паспяхова вучацца ў Машчонскай сярэдняй школе, наведваюць гурткі, удзельнічаюць у школьных і раённых творчых конкурсах. Прыёмныя (а, на жаль, не родныя!) бацькі ганарацца сваімі «дачушкамі», раз за разам атрымліваючы Падзячныя лісты са школы. 

 Свет дзіцяці — гэта свет яго маці, упэўнена мая гераіня. Менавіта, яна стварае ў сям’і тую атмасферу, якая фарміруе ў дзяцей погляды, цікавасці, прыярэтэты. Наталля — заядлы кветкавод, аматар дызайнер і сваім хобі імкнецца зацікавіць дзяцей. Яе падворак, па праве, можа лічыцца адным з лепшых у аграгарадку. А вось чаго ў ім да нядаўняга часу не хапала, дык гэта фантана. Агульнымі намаганнямі ўсіх членаў вялікай сям’і праект быў увасоблены.

 Хатнімі любімцамі малодшанькіх стала свойская жывёла. У падсобнай гаспадарцы Пабыліцы трымаюць курэй, коз, ёсць, нават, цяля. На падворку, у агародзе, кветніку ці доме дзеці — першыя памочнікі для дарослых. Такім чынам яны, як і ўсе юныя вяскоўцы, на бацькоўскім прыкладзе ды пры асабістым удзеле атрымліваюць свае першыя працоўныя «ўрокі». У будучыні яны дапамогуць не разгубіцца на жыццёвым перакрыжаванні і выбраць правільны шлях.

 І хоць прыёмныя бацькі не з’яўляюцца, згодна статуса, імі ў прамым сэнсе слова. Гэта свайго роду настаўнікі, педагогі. Але для Наталлі і яе падапечных слова «мама» стала звыклым. Ды і ці можна ўкласці ў педагагічныя рамкі штохвілінны клопат, які прыёмныя бацькі праяўляюць у адносінах да дзетак?! Без выхадных і адпускоў. Для Наталлі лепшы адпачынак з дзецьмі. За імі не заўважаеш ні ўзросту, ні стомы.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.