У бліжэйшы час на Сенненшчыне прыступяць да нарыхтоўкі бярозавага соку

 Як паведаміла Таццяна Шугальская, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ «Багушэўскі лясгас», сёлета прадпрыемства плануе нарыхтаваць 70 тон соку.  сыравіна будзе пастаўляцца на Віцебскі пладова-агароднін­ны завод. Ужо сёння да збору лясніцтвамі раёна падрыхтаваны неабходныя інструменты, тара і транспарт.

 Для грамадзян, якія жадаюць нарыхтоўваць сок для ўласных патрэб, вызначаны ўчасткі лесу. Па пытаннях нарыхтоўкі неабходна звяртацца ў лясніцтвы, бліжэйшыя  да месца жыхарства.  Здабываць сок дазваляецца толькі ў насаджэннях, прызначаных для высечкі галоўнага карыстання, але не раней, чым за пяць гадоў да яе ажыццяўлення.

 Адтуліны для падсочкі дрэваў трэба рабіць на вышыні 35-50 сантыметраў ад кораня. Акуратна зняўшы ў месцы здабычы ўчастак кары, буравам свідруюць канал пад некаторым ухілам уніз для лепшага сцёку. Дыяметр канала — 1 см, глыбіня — 2-3 см без уліку таўшчыні кары. У падрыхтаваны канал для сцёку соку ўстаўляецца жалабок з нержавеючай сталі.                   

 Пасля заканчэння сезона падсочныя адтуліны павінны быць закрыты драўляным коркам і замазаны варам, садовай маззю, глінай з вапнай або жывіцай, якая ўтрымлівае 15-20 працэнтаў драўніннага вугалю, што папярэдзіць захворванне  дрэў.

Ала ЯКАЎЛЕВА.