Метэаролаг на варце ўраджаю

Сёлета, упершыню 23 сакавіка, у Беларусі будзе адзначацца Дзень работнікаў гідраметэаралагічнай службы. У гэты ж дзень прафесійнае свята адзначаюць і аграметэаролагі. Аграметэаралогія  вывучае метэаралагічныя, кліматычныя і гідралагічныя ўмовы, што ўплываюць на развіццё сельскай гаспадаркі.

 

  На метэастанцыі горада Сянно аграметэаролагам працуе Марына Вышынская. Сёлета яна адзначае 10-годдзе працоўнай дзейнасці.

 — Як спецыяліст Марына Яўгенаўна — добрасумленны, прынцыповы і адказны работнік, — выказваецца начальнік Сенненскай метэа­станцыі Алена Барадзіна. — Гэта мая правая рука.

 У 2010 годзе партрэт Марыны Вышынскай быў змешчаны на раённай Дошцы гонару.

 Праца аграметэаролага вельмі важная. У зімовы перыяд на сельгасугоддзях  Марына Яўгенаўна праводзіць назіранні за тэмпературай, глыбінёй прамярзання і адтавання глебы, вышынёй снежнага покрыва, вызначае жыццяздольнасць азімых культур. Вясной сочыць за іх вегетацыяй. Па цотных днях Марына Вышынская бярэ рабочы транспарт — веласіпед —  і выязджае на палі, дзе назірае за фазамі развіцця пасеваў, запасамі прадукцыйнай вільгаці. Летам сочыць за вышынёй, гушчынёй зерневых, за станам і структурай будучага ўраджаю.

 Сабраныя ёй матэрыялы работнікі сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюць для таго, каб вызначыць аптымальныя тэрміны сяўбы і ўборкі сельскагаспадарчых культур, зрабіць вывад, як перазімавалі азімыя зерневыя, травы і пладова-ягадныя культуры, ці мэтазгодна вырошч­ваць тыя ці іншыя гатункі на пэўнай тэрыторыі, іх магчымую прадукцыйнасць.

  Работа нялёгкая, але цікавая. Аднак, нягледзячы на ўсе яе складанасці, выконваецца бездакорна. І ў гэтым заслуга не толькі Марыны Вышынскай, але і яе калег-метэаролагаў.

Ірына ГАРБАЧОВА.

 НА ЗДЫМКУ: Марына Вышынская з дапамогай спецыяльных інструментаў — мерзлатамера і снегамернай рэйкі — вымярае прамярзанне глебы і вышыню снежнага покрыва.