“Прэстыж” выглядае прэстыжна

Камунальнае ўнітарнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання  «Прэстыж» адно з прадпрыемстваў Сенненшчыны, якое з году ў год працуе стабільна і з добрымі паказчыкамі. Неаднаразова яго калектыў змяшчаўся на раённую Дошку гонару. Кіраўнікі прадпрыемства, дырэктар Аляксандр Ласянкоў і галоўны інжынер Марыя Балабоўка, удастоены высокага звання «Чалавек года Віцебшчыны».

Вырабы багушэўскіх бытавікоў (пасцельная бялізна, пакрывалы, сурвэткі, ручнікі, спецвопратка і іншыя) добра вядомы за межамі раёна. Са сваімі арыгінальнымі калекцыямі калектыў пастаянна ўдзельнічае і перамагае ў шматлікіх абласных і рэспубліканскіх конкурсах моды. Асабліва праславілі прэстыжаўцаў цудоўныя мадэлі адзення з ільну.

 КУПБА «Прэстыж» адзінае ў раёне прадпрыемства, якое аказвае ўсе 11 відаў сацыяльна значных паслуг. 

 «Мы працуем у такой сферы, дзе вельмі высокая канкурэнцыя. Аднак пры гэтым мы арыентуемся на спажыўца сярэдняга дастатку. Замацавацца на рынку вельмі нялёгка. Але, выжываючы ў складаных умовах, прадпрыемства захавала асноўны напрамак дзейнасці — аказанне бытавых паслуг насельніцтву», — гаворыць Аляксандр Ласянкоў.

 За мінулы год выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў і паслуг насельніцтву цераз комплексныя прыёмныя пункты склала на прадпрыемстве 1 млрд 904 млн 135 тыс. рублёў. У тым ліку ад аказання бытавых паслуг атрыманы 1 млрд 351 млн 590 тысяч ( у сельскай мясцовасці — больш за 711 млн).

 Тэмп росту бытавых паслуг у параўнанні з 2011 годам склаў 207,1% (на вёсцы — 170,8%).

 У разліку на аднаго жыхара прадпрыемства аказала паслуг на суму 55828 рублёў (на вёсцы — на 51938 руб.), пры даведзеным заданні 34322 рублі. Па гэтым паказчыку «Прэстыж» займае чацвёртае месца ў вобласці сярод аналагічных прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання, а па аб’ёмах рэалізацыі на аднаго вясковага жыхара — другое месца.

 Не выпускае з полю зроку кіраўніцтва прадпрыемства і ўмацаванне матэрыяльнай базы. Летась праведзена ўкамплектаванне сельскіх комплексных прыёмных пунктаў і іншых аб’ектаў бытавога абслугоўвання абсталяваннем. За кошт бюджэтнай ссуды зроблена перааснашчэнне швейнага цэху ў атэлье Дома быту г.Сянно. У выніку створана 12 рабочых месцаў. На выдзеленыя бюджэтныя сродкі набылі аўтамабіль «Газель». За кошт уласных купілі 10 швейных машын, яшчэ адзін аўтамабіль, будынак у в.Рулёў­шчына для арганізацыі ў ім абслугоўвання насель­ніцтва. За мінулы год праве­дзены бягучыя рамонты на дзесяці аб’ектах бытавога абслугоў­вання.

 Кожнае дасягненне і працоўная перамога любога прадпрыемства — вынік добрасумленнай, творчай работы і кіраўніцтва, і калектыву. Да прафесійнага свята бытавікоў у КУПБА «Прэстыж» былі адзначаны лепшыя работнікі. Ганаровай граматай ДУ «Упраўленне бытавога абслугоўвання насельніцтва» Віцебскай вобласці ўзнагароджана касір-прыёмшчык Машканскага КПП Вольга Бяляева. На Дошку гонару ДУ «УБАН» занесены партрэт начальніка цэха атэлье Дома быту г.п.Багушэўска Лілія Вакар. Прадстаўлена для занясення на гарпасялковую Дошку гонару галоўны інжынер прадпрыемства Марыя Балабоўка. Дваццаць чатыры работнікі ўзнагаро­джаны Удзячнымі пісьмамі, 12 — Ганаровымі граматамі, 6 — занесены на Дошку гонару Багушэўскага КУПБА «Прэстыж» .

 А яшчэ калектыў прадпрыемства бытавога абслугоў­вання адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства ганд­лю Рэспублікі Беларусь, уручэнне якой адбылося напярэдадні прафе­сійнага свята бытавікоў у Мінску.

 Таццяна Буракова.

НА ЗДЫМКУ:  у швейным цэху  КУПБА «Прэстыж».