Слабае звяно выявіў “Хаўер”

За мінулыя пятніцу і суботу снежны покрыў у Сенненскім раёне павялічыўся на 21 сантыметр і дасягнуў амаль паўметра. Снег суправаджаўся моцным парывістым ветрам, які, на шчасце, усё ж не дасягнуў штармавой сілы, аб чым напярэдадні папярэджанне ад сіноптыкаў атрымалі дарожныя і камунальныя службы, міліцыя, выратавальнікі, органы ўлады. Праз раённае радыё неабходная інфармацыя была даведзна да насельніцтва. Каб супрацьстаяць цыклону «Хаўер», ва ўсіх адміністрацыйных адзін­ках Беларусі, у тым ліку ў Сенненскім раёне, былі створаны надзвычайныя штабы. У Сенненскім райвыканкаме падобнае фарміраванне ўзначаліў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Пракаповіч.

 Ускладненні ў рабоце аўтатранспарту пачаліся ўжо днём у пятніцу. А вечарам міжгароднія і прыгарадныя рэйсавыя аўтобусы на аўтастанцыю Сянно прыбывалі ўжо са спазненнем. Некаторыя аўтобусы давялося вызваляць са снежнага палону з дапамогай снега­ачышчальнай спецтэхнікі. Дапамога вадзіцелям патрабавалася не толькі на дарогах рэспубліканскага і мясцовага значэння. Некалькі разоў па выкліку на М-8 выязджалі аўтамабілі Сенненскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Нягледзячы на значную працягласць дарог, ДЭУ-38 і ДРСУ-146 ва ўстаноўленыя тэрміны забяспечылі расчыстку магістралей. Адначасова дапамагалі камунальнікам. Праезная частка транзітных вуліц Сянна і Багушэўска ад снегу была расчышчана фактычна тэхнікай дарожнікаў, будаўнічых арганізацый. Каб не яна, у Сянне, ва ўсякім разе, яшчэ доўга быў бы паралізаваны нават пешаходны рух. У суботу жыхары райцэнтра па тратуарах прайсці не маглі і перамя­шчаліся па горадзе толькі па праезнай частцы вуліц. Што не засталося па-за ўвагай спецыялістаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі. На адказных асоб РУП ЖКГ складзены адміністрацыйныя пратаколы. Зрэшты, частка тратуараў, двароў заставалася нерасчышчанай нават у аўторак, сераду.

 Камунальнікі, як звычайна, спасылаюцца на недахоп тэхнікі. Але, на думку Сяргея Пракаповіча, якую ён выказаў на нарадзе ў старшыні райвыканкама, неразварот­лівасць сведчыць аб дрэннай арганізацыі працы, нізкім кант­ролі за работай службаў з боку кіраўніцтва прадпрыемства.

 У Багушэўску значны аб’ём работ па расчыстцы вуліц ад снегу выканала тэхніка лясгаса і леспрамгаса,  у сель­скіх населеных пунктах —  сельгасарганізацый. У выні­ку значных збояў у рабоце аўталавак, машын «хуткай дапамогі» не зафіксавана. Устойліва працавалі лініі электраперадач. Невялі­кія адключэнні мелі месца, але яны ўхіляліся ва ўстаноўленыя тэрміны.

 Трэба аддаць належнае вытрымцы жыхароў раёна. Абсалютная большасць да часовых цяжкасцей паставілася з разуменнем, многія ўзяліся за лапаты па ўласнай ініцыятыве, каб расчысціць снег ля пад’ездаў, выезды з двароў.

 Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.