“Можна з вамі пагаварыць?” У кабінеце “Чалавека года Віцебшчыны — 2012” тэлефон ніколі не змаўкае

Ёсць людзі, быццам прызваныя Богам несці дабро іншым. Асноўнай рысай іх характару з’яўляецца патрэбнасць дапамагаць, спачуваць, падтрымліваць. Да такіх, безумоўна, адносіцца Тамара Мікалаеўна Смірнова, дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоў­вання насельніцтва Сенненскага раёна.

Любоў да бліжняга, закладзеная ў дзяцінстве бацькамі, праявілася ўжо ў маладыя гады. Выпускніца СШ №2 г.Сянно два разы паступала ў Віцебскі медыцынскі інстытут — такім моцным было жаданне стаць урачом. Аднак лёс распарадзіўся па-іншаму.

Працавала аператарам у машыналічыльнай станцыі, бухгалтарам і кладаўшчыком у грамадхарчы. Але ўвесь час хацела атрымаць вышэйшую адукацыю. Пасля заканчэння Маскоўскага кааператыўнага інстытута вярнулася ў Сянно, хаця была магчымасць уладкавацца ў Віцебску.

Да 1995 года працавала таваразнаўцай у райспажыўсаюзе. Потым, калі спажыўсаюз рэарганізаваўся ў спажыўтаварыства, была пераведзена на пасаду начальні­ка аддзела кадраў. Вось тут Тамара Мікалаеўна адчула сябе ў сваёй стыхіі. Непасрэдная работа з людзьмі — гэта  яе натура і сутнасць. Хаця працавалася нялёгка: да кожнага, пачынаючы ад грузчыка і заканчваючы прадаўцом і тым жа таваразнаўцам, трэба было знаходзіць асаблівыя падыходы. Гандлёвая справа не церпіць прастояў, таму пастаянна ўзнікае неабходнасць у пазаўрочнай рабоце, трэба кагосьці прасіць, угаворваць. Людзей Тамара Мікалаеўна бачыла і разумела, умела знайсці патрэбныя словы, паважала асобу кожнага, таму і ішлі ёй насустрач нават самыя ярыя спрэчнікі-бузацёры. І работа спорылася, справа рухалася…

Калі ў райвыканкаме ствараўся аддзел ідэалогіі, Смірнову, як добрага аргані­затара і ўмелага псіхолага, запрасілі туды. Аднак папрацаваць прыйшлося толькі год. У кадрах спажыўтаварыства без Тамары Мікалаеўны справы не ладзіліся: за год змянілася чатыры начальнікі аддзела. «Ратуй, Мікалаеўна!» — звярнуліся да Смірновай. Вярнулася на старое месца работы. І адміністрацыя, і работнікі ўздыхнулі з палёгкай.

Прайшло пяць гадоў як не працуе яна ў спажыўтаварыстве, а ў калектыве памятаюць былога «начальніка кадраў». Калі ў мінулым годзе Тамара Смірнова атрымала званне «Чалавек года Віцебшчыны», з віншаваннямі першымі патэлефанавалі былыя калегі-кааператары.

Сёння Тамара Мікалаеўна Смірнова працуе на кіруючай пасадзе, якая зноў жа адпавядае яе характару і адносі­нам да жыцця. Яна — дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сенненскага раёна, установы, якая прызвана дапамагаць людзям.

«Калі паступіла прапанова заняць гэту пасаду, было крыху боязна. Кіраўніком ніколі не была», — успамінае мая субяседніца. Тым больш, што адразу прыйшлося з галавой акунуцца ў зусім незнаёмую дзейнасць. У той час якраз распачынаўся рамонт-будоўля аддзялення кругласутачнага знаходжання для састарэлых і інвалідаў у в.Багданава. Каб больш-менш мець уяўленне пра будаўнічую справу і хоць неяк  кантраляваць працэс, прыйшлося на хаду вучыцца. Ратавала тое, што, дзякуючы ранейшай рабоце, ведала многіх кіраўнікоў і спецыялістаў у раёне, мела магчымасць звяртацца за дапамогай у райвыканкам.

На першых парах разабрацца ў азах будаўніцтва дапамагаў старшыня Багданаўскага сельскага Савета Віктар Сямёнавіч Мурашкевіч. Пасля яго навукі Тамара Мікалаеўна смела выступала на пасяджэннях штаба будоўлі і выкрывала недахопы ў рабоце. Вялікую дапамогу ў рабоце пачынаючаму кіраўніку і мудрай парадай, і шчырым удзелам аказвала намеснік старшыні райвыканкама Зоя Сцяпанаўна Фаміна. Ды і падначаленыя заўсёды ішлі насустрач, падтрымлівалі свайго дырэктара ва ўсіх пачынаннях. Больш вопытныя ў сацыяльнай сферы работнікі  падказвалі, папярэджвалі, прапаноўвалі… І з калектывам новы кіраўнік, што называецца, хутка сышлася. Здольнасць разумець бліжняга, бачыць у ім не толькі работніка, які «абавязаны», але і чалавека з усімі яго патрэбамі, хваляваннямі і пачуццямі не падвяла жанчыну і на гэты раз. Дарэчы, як зазначыла Тамара Мікалаеўна, і ганаровае званне «Чалавек года» — не толькі яе заслуга, а і калектыва цэнтра, кожны работнік якога імкнецца рабіць сваю справу як мага лепш.

У 2009 годзе, на наступны год пасля прыходу на пасаду Смірновай, новае аддзяленне было ўведзена ў эксплуатацыю. Чалавек па сваей натуры няўрымслівы, Тамара Мікалаеўна на гэтым не супакоілася. Увесь год, пакуль будавалі ў Багданаве, ёй не давала спакою такое ж аддзяленне ў Ходцах. Вельмі ўжо там было няўтульна на прылеглай тэрыторыі — патрабавалася добраўпарадкаванне. Ды толькі дзе на яго ўзяць грошы? Прачула, што грошы можна атрымаць цераз цэнтр занятасці, адразу ўхапілася за гэту магчымасць. Хаця знайшліся і такія, хто адгаворваў: маўляў, тады рабочых прыдзецца самой шукаць. Цяпер на Ходцаўскае аддзяленне люба-дорага зірнуць: кветнікі, веранда, новы дах. У наступным, 2011 годзе, памянялі старыя вокны на пластыкавыя шклопакеты ў Сенненскім аддзяленні дзённага знаходжання. У гэтым жа годзе ўстанова была змешчана на раённую Дошку гонару.

«Некаторыя калегі-кіраўнікі аналагічных цэнтраў з іншых раёнаў просяцца да нас за вопытам», — напалову жартам, напалову ўсур’ёз гаворыць Тамара Мікалаеўна.

У планах на бягучы год — адкрыццё аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ў г.п. Багушэўск. У гэтай установе будзе праводзіцца работа з мнагадзетнымі, няпоўнымі сем’ямі, сем’я­мі, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Цяпер ідзе рамонт будынка, які пад аддзяленне аддала чыгунка. Дарэчы, гэта будзе сёмае аддзяленне Тэрытарыяльнага цэнтра. Такой колькасці падобных устаноў няма ні ў адным раёне вобласці.

Вялікі пласт работы Цэнтра — узаемадзеянне з сельвыканкамамі ў абследаванні ўмоў жыцця састарэлых на вёсцы, рамонце печаў, выяўленні ненадзейных сямей. Плённа супрацоўнічае сацыяльная ўстанова і з аддзеламі райвыканкама, асабліва адукацыі і культуры. Актыўна прыцягвае спонсарскую дапамогу. Пастаянна прыходзяць на дапамогу Цэнтру райкам прафсаюза АПК, ПС «Сянно», многія індывідуальныя прадпрымальнікі.

За паўсядзённымі клопатамі і справамі не выпадаюць з поля зроку кіраўніка і непасрэдна тыя людзі, дзеля якіх, уласна, і стваралася сацыяльная ўстанова. Усіх насельнікаў аддзяленняў і многіх іншых састарэлых-кліентаў цэнтра Тамара Мікалаеўна ведае асабіста, заўсёды знаходзіць час, каб пагутарыць з імі, выслухаць немудрагелістыя расказы пра клопаты старых, іх спадзяванні і турботы, падтрымаць добрым словам, шчырай увагай, а калі магчыма, то і канкрэтнай дапамогай. Нічога незвычайнага не бачыць Тамара Мікалаеўна ў тым, што ў рабочым кабінеце гучаць тэлефонныя званкі з пытаннем: «Можна з вамі пагаварыць?» Старым, адзінокім людзям нават больш чым нейкія матэрыяльныя даброты, важныя простыя чалавечыя зносіны, важна тое, што ёсць чалавек, які іх выслухае, зразумее, паспачувае, супакоіць…

Таццяна Буракова.