Перамога была такой блізкай для сенненскіх валейбалістаў…

У г.п.Бялынічы Магілёўскай вобласці прайшоў пяты валейбольны турнір на прызы газеты «Беларуская ніва», прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны. Са спаборніцтваў сенненскія валейбалісты вярнуліся з дыпломамі.

Арганізаваў паездку супрацоўнік РПУ «Сяннорайгаз», заўзяты валейбаліст і лідар нашай зборнай Уладзімір Гардзюк.

Хлебам-соллю сустрэў фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Друць» удзельнікаў спаборніцтваў з Сянна, Шклова, Клічава, Талачына, Круглага, Віцебскага раёна і ўласна Бялынічаў. Сенненскія валейбалісты трапілі ў групу «Б». З «лёгкай» рукі капітана каманды, які ўдзельнічаў у жараб’ёўцы, нашым першым сапернікам стала бялыніцкая каманда. Сваімі моцнымі атакамі, надзейнымі блокамі сенненцы дэмаралізавалі гаспадароў спаборніцтваў. Не надта моцным аказаўся і наш другі сапернік — талачынская зборная. На жаль, у трэцяй гульні нашы хлопцы не змаглі перамагчы валейбалістаў з Клічава. А таму першае месца для нас стала недасягальным…

Барацьба за трэцяе месца пачалася на другі дзень турніра. Сапернікамі сталі даўнія сябры — спартсмены з Віцебскага раёна. Першую партыю сенненцы «аддалі» віцябчанам. Ва ўпартай барацьбе, калі, нават, ужо не было надзеі на перамогу, нашы хлопцы ўзялі сябе ў рукі і пры ліку 18:24 на карысць каманды Віцебскага раёна ўсё ж такі здолелі выйграць другую партыю. З удалых падач Дзмітрыя Сінкевіча і раз’юшаных атак Сяргея і Паўла Распорскіх, Рустама Хасанава мячы адзін за другім прабівалі абарону і падалі на пляцоўку саперніка. Аднак, сенненцам, на жаль, не хапіла моцы «дабіць» віцебскіх валейбалістаў у трэцяй партыі. У выніку наша зборная апынулася на ганаровым чацвёртым месцы.

Цырымонія закрыцця крыху падняла настрой засмучаным сенненцам. Валейбольная каманда горада Сянно была ўзнагароджана дыпломам «За волю да перамогі». Уладзімір Дубавец атрымаў Дыплом, як самы сталы ўдзельнік спаборніцтваў. Кубак жа турніру і спецыяльны прыз ад газеты «Беларуская ніва» — вадкакрышталёвы тэлевізар — «паехалі» ў гарадскі пасёлак Круглае.

Канешне, у масавым старце галоўнае не перамога, а ўдзел. Па-сяброўску сустрэлі Бялынічы сенненцаў. Нашы землякі, у сваю чаргу, шчыра падзякавалі за цёплы прыём адміністрацыю бялыніцкага ФАКа «Друць». А ў адказ атрымалі ад арганізатараў запрашэнне прыехаць на турнір на наступны год.

Ірына ГАРБАЧОВА.