У Багушэўск прыйдзе газ
Пачалася газіфікацыя Багушэўска. Работы па пракладцы газаправода вядуцца ў гэтыя дні на вуліцы Чарвова.
Прыродны газ да гарпасёлка падвялі яшчэ ў 2001 годзе. Але работы па газіфікацыі прыватнага жылля распачаліся толькі сёлета. Піянерам у гэтай справе выступіў кааператыў «Майскі», які ўтварылі 170 уласнікаў жылых дамоў.
Згодна з каштарысна-праектнай дакументацыяй даўжыня газаправода складзе 14 кіламетраў. Работы вядуць спецыялісты будаўнічай службы ВУ «Віцебскгаз», у прыватнасці, брыгады Андрэя Пруднікава. Трубы пракладзены на першых двух кіламетрах трасы. Работы, нягледзячы на зімовую пару года, вядуцца хутка. Тэмпы будаўніцтва, на думку брыгадзіра, яшчэ паскорацца, калі зямля адтане. А таму, газаправод у эксплуатацыю будзе здадзены да пачатку наступнага ацяпляльнага сезона. Для гэтага ёсць і неабходная спецыяльная тэхніка, і людзі. Нарматыўны тэрмін будаўніцтва аб’екта складае 7 месяцаў.
Паралельна з віцябчанамі ў Багушэўску працуюць спецыялісты РВУ «Сяннорайгаз». Яны займаюцца пракладкай газаправода ўнутры дамоў, устанаўліваюць газавыя катлы, іншыя абсталяванні.
А тым часам багушэўцы стварылі яшчэ некалькі кааператываў. Як разлічвае старшыня Багушэўскага пасялковага выканкама Любоў Трубека, ужо ў бліжэйшыя два-тры гады ўся заходняя частка мястэчка будзе газіфікавана. У перспектыве блакітнае паліва прыйдзе ў дом кожнага жыхара гарадскога пасёлка, які гэтага пажадае. І тым самым зробіць жыццё людзей больш камфортным, надасць новы імпульс для эканамічнага і сацыяльнага развіцця.
На здымках: спецтэхніка за працай; члены брыгады Андрэя Пруднікава перад пачаткам рабочага дня вывучаюць праектную дакументацыю.