Зазірніце ў душу свайго дзіцяці

Чаму ў дзіцяці альбо ў падлетка ўзнікае жаданне паспрабаваць алкаголь? Як сцвярджаюць урачы-нарколагі, алкаголь суправаджае большасць з нас з самага нараджэння.

Падвыпіўшы ласкавы тата забаўляе сваё немаўля. Падросшы, дзеці бачаць як, звычайна на свята, бацькі накрываюць вялікі стол, выстаўляючы прыгожыя бутэлькі са спіртным. Дарослыя запамінаюцца добрымі, вясёлымі.

 У школьныя гады падлетку ўжо самому хочацца адчуваць сябе дарослым. А быць дарослым — значыць рабіць тое, што не дазволена дзецям. І першым прыцягальным «табу» становіцца алкаголь. У маладосці ўжыванне спіртнога, у большасці выпадкаў піва, уваходзіць ужо ў звычку. Праз колькі гадоў, стварыўшы свае сем’і, яшчэ ўчарашнія юнакі і дзяўчаты будуць здзіўляцца: «Чаму ж п’юць дзеці?»

 У мінулым годзе супрацоўнікамі міліцыі Сенненскага РАУС складзена 28 пратаколаў на непаўналетніх за распіццё спіртнога ў грамадскіх месцах, у тым ліку і піва, якое да нядаўняга часу лічылася адносна бясшкодным напіткам.

 Як паказвае практыка, нават у самых благана­дзейных сем’ях дарослыя самі наліваюць падлеткам, дзеліцца Юрый Пракапенка, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Сенненскага РАУС, маўляў, хай лепш вып’юць дома, чым за вуглом. А за вуглом — значыць купленае ў магазіне. Згодна з законам работнікі гандлю не павінны прадаваць непаўналетнім алкаголь. Калі не прадавец, то знойдзецца іншы добразычлівы чалавек, які па просьбе дзяцей згадзіцца набыць бутэлечку-другую. На падставе артыкула 17.4 КаАП РБ «Уцягненне непаўналетняга ў антыграмадскія паводзіны шляхам набыцця для яго алкагольных, слабаалкагольных напіткаў» за 2012 год складзены 34 пратаколы.

 Аднойчы давялося прысутнічаць на ўроку па тэме «Алкаголь і дзеці» ў адзінаццацікласнікаў. Ведаеце, што здзівіла больш за ўсё: абыякавасць падлеткаў да ўзнятай праблемы, да таго, што адбываецца з такімі як яны. Не напужаць дзяцей скалечанай старасцю, якая чакае тых, хто ўжывае алкаголь. Трэба яшчэ дажыць да яе, смяяліся старшакласнікі.

 Неабходна больш часу бываць з дзецьмі, умець слухаць і разумець, дзяліцца з імі сваімі праблемамі, раяць псіхолагі. Дапамагчы знайсці які-небудзь занятак у вольны ад школы час, стварыць стымул, каб хацелася з задавальненнем займацца і не імкнуцца на «тусоўкі» за вуглом. Як лічыць Юрый Валер’евіч, не трэба выхоўваць павучаннямі ды забаронамі, бацькам трэба гля­дзець у душу свайго дзіцяці, каб разумець, што адбываецца з ім. А яшчэ — рабіць з ім агульную справу. Ідэальны рэцэпт выпрабаваны часам і многімі пакаленнямі.

Ала ЯКАЎЛЕВА