Сенненскія міліцыянеры да прафесійнага свята падышлі з узнагародамі

Традыцыйна беларускія міліцыянеры вынікі работы за год падводзяць 4 сакавіка, у сваё прафесійнае свята —  Дзень міліцыі.

Якім быў мінулы год для супрацоўнікаў Сенненскага РАУС? Адназначна не скажаш, бо былі прыкрыя няўдачы, але былі і перамогі. Безумоўна адно — мы імкнуліся працаваць, як таго патрабуе закон, грамадства, наш прафесійны абавязак і чалавечае сумленне. Адзнаку нашай рабоце  давала кіраўніцтва Упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, Міністэрства краіны.

Указам Прэзідэнта медалём «За бездакорную службу» I ступені адзначана работа падпалкоўніка міліцыі, начальніка аддзялення г.п.Багушэўск аддзела ўнутраных спраў Сенненскага райвыканкама Аляксандра Сінічэнкі. Выслужыўшы ўстаноўлены тэрмін, атрымаўшы права на пенсію, ён, вось ужо дзясяты год, па-ранейшаму, працуе на пасадзе.

Такія ж медалі, але III ступені,  атрымалі намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце, маёр міліцыі Сяргей Савік,  старшы ўпаўнаважаны групы крымінальнага вышуку аддзялення міліцыі Багушэўска, старшы лейтэнант Юрый Янчанка. Нагрудныя знакі, заснаваныя Міністэрствам унутраных спраў, упрыгожваюць  форму  супрацоўнікаў міліцыі:  «Выдатнік ДАІ» —    інспектара дарожна-патрульнай службы АДАІ,  старшага лейтэнанта  Уладзіміра Карповіча,  «За адзнаку» —  старшага ўчастковага інспектара, маёра Дзмітрыя Рабцава. Нагруднымі знакамі Галоўнага ўпраўлення Камандуючага ўнутранымі войскамі МУС «За самаадданую службу» II ступені заахвочаны  начальнік штаба РАУС, маёр Аксана Кулік; начальнік  ІСН, капітан Юрый Пракапенка; старшы інспектар-дзяжурны АДС, маёр Юрый Васільеў;  старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы АДАІ,  маёр  Андрэй Красноўскі і Юрый Янчанка.

Тры супрацоўнікі Сенненскага РАУС летась былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі  УУС Віцебскага аблвыканкама, пяць — Граматамі, восем — атрымалі Па­дзякі  за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў.

Яшчэ раз віншую іх з высокай адзнакай працы. І, зразумела, усіх нашых супрацоўнікаў, у тым ліку тых, хто не носіць міліцэйскую форму, нашых ветэранаў са святам —  Днём міліцыі. Самыя шчырыя словы з пажаданнямі здароўя, шчасця, дабрабыту сем’ям. Без узаемаразумення, без падтрымкі членаў сям’і служба міліцыянера не можа быць паспяховай.

Асобна хацеў бы адрасаваць словы падзякі за доўгія гады службы Генадзю Новікаву, які, выслужыўшы ўстаноўлены тэрмін, у апошні раз сустракае прафесійнае свята ў міліцэйскіх шэрагах. Хочацца спадзявацца, што багушэўцы толькі добрымі словамі будуць успамінаць службу Генадзя Новікава на паса­дзе ўчастковага і інспектара дзяжурнага АДС.

Міхаіл Архіпаў,

начальнік аддзела ўнутраных спраў

Сенненскага райвыканкама,  палкоўнік міліцыі.

НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Сінічэнка і Генадзь Новікаў — старэйшыя супрацоўнікі Сенненскага РАУС.