Сенненцы скардзяцца на слізкія тратуары

Доглядам тратуараў, аўтобусных прыпынкаў у горадзе займаюцца 10 дворнікаў, паведаміў Аляксандр Зеляня, выконваючы абавязкі начальніка ўчастка па добраўпарадкаванні РУП «ЖКГ». Як паказвае сёлетняя зіма, іх намаганняў недастаткова. Гараджане скардзяцца на слізкія тратуары.

 Па вузкай тратуарнай дарожцы (недалёка ад Белаграпрамбанка),  па вуліцы К.Маркса, ісці немагчыма. Прыступак, што вядуць на тратуар, з-за наледзі не бачна. Рызыкуючы, людзі выходзяць на праезную частку з актыўным аўтамабільным рухам, у тым ліку і дзеці, якія ў ранішнія прыцемкі спяшаюцца ў школу.

 Не заўсёды і па тратуарах  вуліцы Кастрычніцкай можна прайсціся бязбоезна. Часта такая хада нагадвае «перабежкі» ў пошуках устойлівага месца пад нагамі.

 На сённяшні дзень жыллёва-камунальнай гаспадаркай для апрацоўкі вуліц і тратуараў горада зрасходавана больш за 560 т пясчана-салянай сумесі. Аднак, асноўная праблема не ў колькасці, а ў якасці яе выкарыстання.

 Няўстойлівае надвор’е — маразы, якія змяняюцца адлігай і наадварот, — не спрыяе рабоце камунальнікаў, каменціруе сітуацыю Аляксандр Іванавіч. Для расчысткі і пасыпкі тратуараў у ЖКГ няма спецыяльнай тэхнікі. Работы выконваюцца ўручную. І далёка не кожны дзень усе 10 дворнікаў спраўна бяруцца за працу. Часам  выпадаюць з-пад увагі некаторыя ўчасткі пешаходных дарожак.

 Такое апраўданне наўрад ці зразумеюць тыя, хто атрымаў траўму на слізкім тратуары.

 Каляндарная вясна не за гарамі, аднак, як паведамілі раённыя метэаролагі, зіма не думае адступаць. Ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу яшчэ будуць чаргавацца з замаразкамі. Таму камунальнікам, як, дарэчы, і дарожным службам, трэба быць напагатове.  

Ала ЯКАЎЛЕВА.