Арачнікі ад Сенненскага райаграсэрвіса

Арачныя збудаванні, якія апошнім часам з’явіліся ў многіх сельгасарганізацыях раёна, вырабляюцца ў ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс». «Мода» на іх тлумачыцца адносна невысокім коштам і ўніверсальнасцю пры выкарыстанні: хочаш захоўвай  тэхніку ці зерне,  хочаш жывёлу ўтрымлівай.

  У райаграсэрвісе на рэалізацыі гэтага праекта заняты некалькі спецыялізаваных брыгад. Адна з іх на чале з брыгадзірам Анатолем Адынцом працуе ў гэтыя дні ў вёсцы Оўсішча УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава». Слесары-мантажнікі Віктар Леснікаў і Віктар Гарнак, зваршчык Дзмітрый Даньшын вядуць мантаж лёгкай канструкцыі. Для спецыялістаў гэта ўжо восьмае падобнае збудаванне: два зманціравалі на фермах свайго ўнітарнага прадпрыемства, астатнія — у суседніх гаспадарках. Таму работа ў хлопцаў ідзе спорна. Ад  хуткасці працы залежыць заробак работнікаў. Ды і брыгадзір не забывае аб сваіх абавязках адміністратара. Каркас арачніка мацуецца балтамі, не абыйсціся пры яго ўзвядзенні без зварачных работ. Як і без аўтакрана. Яго райаграсэрвіс арэндуе ў ПМК-64 разам з аўтакранаўшчыком Уладзімірам Зарубіцкім.

 Работа для брыгады Адынца падыходзіць да завяршэння. Пакрываць збудаванне тэнтам будуць іншыя спецыялісты. А вось Уладзіміру Зарубіцкаму, відаць, у Оўсі­шчы давядзецца затрымацца, пакуль работы не будуць завершаны ў поўным аб’ёме.

 За мінулы год у раёне ўве­дзены ў эксплуатацыю ўсяго адзін арачнік — на ферме вёскі Савінічы ААТ «Сінягорскае». Некалькі гадоў таму паставілі жывёлу пад дах такога ж збудавання ў ААТ «Літусава». Як паказала практыка, жывёла выдатна адчувае сябе ў памяшканнях на глыбокай падсцілцы. А таму ёсць сэнс паспяшацца з заканчэннем будаўніцтва арачнікаў у астатніх гаспадарках. У бліжэйшыя месяцы плануецца завяршэнне будаўніцтва арачнікаў на фермах вёсак Казлоўка і Івоні. Усяго да канца года трэба здаць у эксплуатацыю 11 арачнікаў, што дазволіць павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы, нарасціць аб,ёмы вытворчасці  малака і мяса.