Старшыня Сенненскага райвыканкама Віктар Цапота: Дэмаграфічная сітуацыя залежыць ад духоўнага здароўя грамадства

На працягу апошніх гадоў колькасць насельніцтва ў Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, змяншаецца. Менш становіцца і сенненцаў. На 1 студзеня 2012 года ў раёне налічвалася 24210 жыхароў, на 1 кастрычніка — 23982. Менавіта таму дэмаграфічная сітуацыя ў краіне знаходзіцца пад пільнай увагай улады і грамадства. У прыватнасці, на 2011-2015 гады распрацавана Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі. У раёне таксама намечаны спецыяльныя мерапрыемствы, якія зацверджаны рашэннем райвыканкама, створаны савет па дэмаграфічнай бяспецы. На яго ўскладзены абавязкі па пастаянным кантролі за дэмаграфічнай сітуацыяй. 29 чэрвеня мінулага года раённы Савет дэпутатаў разгледзеў на сесіі пытанне: «Аб стане дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне і мерах па яе стабілізацыі». Свой погляд на праблему дэмаграфічнай бяспекі ў раёне пагадзіўся выказаць Віктар Цапота, старшыня раённага выканаўчага камітэта.

равіч, колькасць насельніцтва ў раёне змяншаецца па двух прычынах. Моладзь імкнецца ў буйныя населеныя пункты, што непазбежна, бо чалавецтва ў сваім развіцці ідзе шляхам урбанізацыі. Ёсць яшчэ і натуральнае змяншэнне. Гэта значыць, у раёне нараджаецца менш людзей, чым памірае.

 — На жаль, гэта так. За 11 месяцаў 2012 года натуральнае змяншэнне склала 257 чалавек, у той час як у 2011 го­дзе за такі ж перыяд — 329. Больш дзяцей нарадзілася: 223 — у 2012, 208 — у 2011. Не магу не сказаць, што рост склаў 107,2 %, у той час як вобласць прырасла на 106,3%, краіна — 105,8. Дарэчы, колькасць памёрлых сенненцаў у параўнанні з папярэднім годам склала 89,4 %, у той час як па Віцебшчыне — 93,7 %, краіне — 92,7.

 — Чаму паміраюць сенненцы? Што можна супрацьпаставіць хваробам, якія найчасцей прыводзяць да смерці?

  — За студзень-лістапад 2012 года памерла 480 жыхароў раёна, у тым ліку ад хвароб сістэмы кровазвароту — 208, новаўтварэнняў — 55, хвароб органаў дыхання — 22. Названыя захворванні найчасцей былі прычынамі смерці, у той жа час іх доля ў агульнай колькасці змяншаецца. Затое павялічваецца колькасць памерлых ад інфекцыйных і паразітарных хвароб, якія часта сведчаць аб нізкай санітарнай культуры, людзі нярэдка ігнаруюць маральныя і духоўныя каштоўнасці. Так што «даецца нам па заслугах нашых».

 — «Заслугі нашы» — страты і ад знешніх прычын: у дарожна-транспартных здарэннях, у выніку атручвання алкаголем, забойстваў і самазабойстваў?

 — А вы хіба будзеце спрачацца з падобным сцвярджэннем? Як чалавека, як кіраўніка мяне безумоўна радуе, што сенненцаў стала менш гінуць па гэтых прычынах. Праўда, за 2012 год, як сведчыць статыстыка, большасць забойстваў, самазабойстваў адбылося ў стане алкагольнага ап’янення. Большасць загінулых на пажарах таксама былі нецвярозымі. Алкаголь, наркотыкі губяць і душу чалавека.

 — Што супрацьпастаўляецца гэтаму злу ў Сенненскім раёне?

 — На маю думку, лю­дзям, у першую чаргу моладзі, праз сям’ю, школу, установы культуры, медыцыны, праз сродкі масавай інфармацыі трэба актыўна даводзіць, што алкаголь губіць чалавека. Летась у дні, у якія праводзіліся раённыя святы, з гандлю знімаліся алкагольныя напоі, забараняўся продаж віна-гарэлачных вырабаў у час правядзення масавых палявых работ. Падобныя новаўвядзенні пакуль што ўспрымаюцца людзьмі неадназначна. І ўсё ж, мне здаецца, з часам нашы захады будуць расцэньвацца толькі станоўча. Як і іншая работа, што праводзіцца ў раёне па прывіцці асноў здаровага ладу жыцця. Калі чалавек прызвычаіцца з дзяцінства пачынаць дзень з фізічнай зарадкі, з прабежкі, у дарослым жыцці ён не прамяняе захапленне спортам на алкаголь і тытунь. Я ўпэўнены, у сенненскіх хлопцаў і дзяўчат, якія пастаянна перамагаюць у абласной школьнай спартакіядзе, больш шанцаў заявіць пра сябе ў жыцці, чым у тых, хто не сябруе са спортам.

 Адначасова трэба больш эфектыўна працягваць барацьбу з самагонаварэннем, увозам на тэрыторыю раёна фальсіфіцыраваных алкагольных напояў, з асобамі, якія дазваляюць сабе распіццё віна-гарэлачных вырабаў у грамадскіх месцах. Падобныя факты, як і ўжыванне алкаголю на рабочых месцах, — гэта выклік грамадству. Таму нават пры дэфіцыце рабочых рук з усімі работнікамі, што ўжывалі алкаголь на вытворчасці, спынены працоўныя адносіны, як таго патрабуе заканадаўства. Іншых падыходаў не можа быць, бо п’яны работнік нясе пагрозу вытворчасці, лю­дзям, якія працуюць побач з ім. Дарэчы, 56 % асоб, што былі зарэгістраваны летась у нецвярозым стане на рабочым месцы, працавалі на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу.

 Значныя ўкладанні робяцца ў раёне ва ўстановы культуры, у развіццё творчага патэнцыялу моладзі. Да паслуг дзяцей шматлікія гурткі, заняткі па інтарэсах. Многае трэба яшчэ рабіць, каб наша медыцына адпавядала сучасным патрабаванням, каб нашы медычныя ўстановы былі ўкамплектаваны спецыялістамі, нарэшце, каб у медыкаў была магчымасць расці прафе­сі­й­на.

 — Віктар Уладзіміравіч, дазволю  сабе таксама звярнуцца да статыстычных даных. У раёне нарадзілася 213 дзяцей. Гэта больш чым летась. Але менш, чым у 2009, 2008 гадах… Чаму, на ваш погляд, такая нізкая нараджальнасць? Чаму ўсё менш шматдзетных сем’яў?

 — Я не ведаю. І думаю, што на падобныя пытанні адназначна не адкажуць нават вучоныя дэмографы, сацыёлагі. Дрэнна жывём? Нашы бацькі, дзеды жылі куды горш, але сям’я, дзе выхоўвалася 3-5 дзяцей, была нормай. Бяда ў іншым. Страчваюцца традыцыйныя сямейныя каштоўнасці і, нават, самыя моцныя інстынкты: мацярынства, прадаўжэння роду. Дзеці аказваюцца без сям’і, што вельмі небяспечна як для іх, так і для грамадства. У раёне мы стараемся актыўна працаваць у гэтым накірунку і з дапамогай дзяржаўных структур, і грамадскіх. Іншы раз дзяцей удаецца вярнуць у біялагічную сям’ю ці ўсынавіць, многія трапляюць у прыёмныя сем’і. Падобныя факты трэба прапагандаваць, людзі, якія выхоўваюць чужых дзяцей, заслугоў­ваюць павагі.

 — У Сенненскім раёне, у Ходцах і Багданаве, працуюць установы, дзе пастаянна жывуць пенсіянеры. Многія з іх сустрэлі старасць у адзіноце не толькі таму, што не маюць нашчадкаў. Часам дарослыя дзеці забываюцца на свой абавязак перад бацькамі, а то і жывуць за іх кошт…

 — Гэтыя выпадкі таксама сведчаць пра духоўную дэградацыю асобы. Гэта, калі хочаце, своеасаблівая расплата за дапушчаныя некалі бацькамі памылкі. Але як бы там не было, дзяржава дапамагала і будзе дапамагаць састарэлым лю­дзям. У нашым раёне плануецца пашырыць сетку ўстаноў для адзінокапражываючых пенсіянераў. Згодна з новым законам аб сацыяльным абслугоў­ванні з 1 студзеня 2013 года ў гэтую сферу дапускаецца і прыватны бізнэс. Галоўная задача ўлады — павысіць якасць паслуг, зрабіць іх больш даступнымі для насельніцтва.

 А завяршыць нашу размову мне ўсё ж  хацелася б на аптымістычнай ноце. У навагоднюю ноч сенненцаў стала больш. У сям’і Алёны і Аляксандра Пашкоўскіх нарадзілася дачка, якую назвалі Валерыяй, што ў перакладзе з латыні абазначае «моцная, бадзёрая».

Гутарыў Л. ІЎЕЎ.