Сенненскі музей запрашае на “Навагоднія вечары”. Замест білета — ёлачная цацка!

У розныя часы на тэрыторыі Беларусі Новы год адзначалі ў розныя даты. І перш чым традыцыя святкаваць Новы год замацавалася за 1 студзеня, было, мякка кажучы, «сломано немало копий». Звязана гэта з наяўнасцю  на нашых землях мноства рэлігійных канфесій, а таксама вялікім уплывам старажытных народных традыцый.

 У гістарычнай літаратуры ўпамінаюцца ажно шэсць святочных дат Новага года. У тым ліку адзначалі яго і на Купалле.

 У другой палове XVI века на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага засталіся тры варыянты пачатку адліку новага года: 1 студзеня (яго адзначалі каталікі і пратэстанты), 1 верасня (праваслаўныя) і 1 сакавіка (паганцы). Дарэчы, сакавіцкі стыль паступова ператварыўся ў народны абрад «гуканне вясны».

 Прынята звязваць пераход да адзінай даты з указам Пятра I, датаваным 1700 годам. Аднак на той час мы жылі ў іншай краіне. Распаўсюджванню традыцый святкавання 1 студзеня ў Беларусі садзейнічаў зусім не загад расійскага цара, а ўзнікненне ўніяцкай царквы ў канцы XVI стагоддзя.

 У другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя паступова распаўсюдзіўся звычай ставіць ёлку. Спачатку яна з’явілася ў дамах выключна заможных людзей. Сярод беларускіх сялян, рамеснікаў, рабочых гэты звычай прыжыўся значна пазней.

 З часам адбыліся змены ў складзе навагодніх персанажаў. У XX стагоддзі ў Беларусі, як у большасці еўрапейскіх краін, галоўным героем навагодніх святаў стаў Дзед Мароз…

 Некалькі тыдняў засталося да Новага, 2013, года. Але ў паветры, у вачах людзей, у размовах родных і сяброў, у вітрынах магазінаў Новы год ужо жыве поўным жыццём. Для самых нецярплівых, для тых, каму ўжо хочацца адзначаць навагоднія святы, для ўсіх наведвальнікаў Сенненскі гісторыка-краязнаўчы музей падрыхтаваў цыкл мерапрыемстваў «Навагоднія вечары ў музеі».

 21 снежня ў 16 гадзін у музеі адбудзецца ад­крыццё навагодняй праграмы. Уваходным білетам стане ўдзел у акцыі «Падары музею цацку». Вы можаце прыносіць навагоднія цацкі і паштоўкі савецкіх часоў, а мо (калі ёсць) і ранейшага перыяду.

 Прыходзьце, калі ласка, будзе цікава! Музей чакае ўсіх!