Яўген Цуран: №2 нацыянальнай зборнай
Грэка-рымская барацьба развівае вынослівасць, гібкасць, фізічную моц і сілу духу. Каб дасягнуць майстэрства, чалавек, які займаецца гэтым відам спорту, павінен кожны дзень трэніравацца, адпрацоўваць прыёмы. Менавіта такімі намаганнямі дабіўся выдатных вынікаў наш зямляк Яўген Цуран (на здымку).
Хлопец пачынаў займацца біятлонам у Сенненскай СДЮШАР, потым — зацікавіўся барацьбой, якая і стала яго любімым відам спорту. Вучыўся
Жэня
ў СШ №1 г.Сянно, сумяшчаў школьныя заняткі з трэніроўкамі па грэка-рымскай барацьбе. Трэніравалі будучую алімпійскую надзею Анатоль Рыбчанка і Анатоль Кучынскі. Пасля 8 класа Жэня, які ўжо не раз станавіўся прызёрам рэспублікі ў розных узроставых і вагавых катэгорыях, паступіў у Віцебскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву. Пасля яго заканчэння атрымаў спецыяльнасць трэнера па грэка-рымскай барацьбе. Потым былі два гады спецкурсаў, пасля якіх хлопца чакала служба ў беларускай арміі. Можа, Яўген і надалей застаўся б
служыць у войску, аднак сябры-спартсмены пераканалі, што на «гражданке» больш магчымасцей для заняткаў спортам.
Сёння Яўген Цуран — майстар спорту па грэка-рымскай барацьбе. Выйграўшы Кубак Беларусі ў 2009 і 2012 гадах, Яўген увайшоў у асноўны склад нацыянальнай зборнай. «Калі я быў у войску, да Лонданскай Алімпіяды рыхтавалі іншага спартсмена. Зараз я, скажам, яго «даганяю». На дадзены момант, пакуль я іду пад другім нумарам…».
У жыцці маладога спартсмена немалаважную ролю адыгрываюць трэніроўкі, зборы і спаборніцтвы. Удзень праходзіць 2-3 трэніроўкі.
— Нехта прыйдзе, раз патрэніруецца і яму хапае, — прызнаецца Жэня, — у яго талент, як у мастака, усё
атрымліваецца ад прыроды. А камусьці трэба
шмат працаваць, каб дабіцца высокіх дасягненняў. Я — і тое, і сёе, — усміхаецца барэц.
Па словах Яўгена, на малую радзіму, да бацькоў, сяброў, яго цягне пастаянна. «Асабліва, калі «сядзіш» у Мінску некалькі тыдняў: кожны дзень адно і тое — трэніроўкі».
Каб займацца спортам, і займацца вынікова, трэба мець стальныя нервы, бо на гэтым шляху бываюць як перамогі, так і паражэнні, расчараванні. І тут галоўнае — верыць у сябе і свой поспех…
Што адчувае наш зямляк, калі настае час выходзіць на дыван да саперніка? Безумоўна, хваляванне… Яно ў Жэні асабіста-індывідуальнае, якое перад кожным выступленнем перадужаць вельмі цяжка. Аднак спартсмен заўсёды бярэ сябе ў рукі. У вялікім спорце інакш нельга…
На будучыню Жэня думае атрымаць вышэйшую адукацыю, а таксама надалей займацца грэка-рымскай барацьбой.
— Пакуль няма траўмы,
«завязваць» са спортам не буду, — ведаючы
негатыўныя асаблівасці барацьбы, аптымістычна кажа Жэня. — Галоўная мая мара — гэта выступіць на Алімпіядзе.
Што ж, алімпійскіх перамог табе, зямляк!
Ірына ГАРБАЧОВА.