“Мама” для цялятак
Характар работы ў жывёлагадоўлі своеасаблівы. Пры дэфіцыце рабочых рук, які па-ранейшаму назіраецца ў сельскай гаспадарцы, работнікі галіны працуюць без выхадных. І справа гэта, згадзіцеся, не з лёгкіх. Рана ўстаць, позна легчы.
Алена Ярашэвіч — аператар па дарошчванні буйной рагатай жывёлы УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава». Пад яе апекай 68 цялятак на ферме «Латыгаль». Тры разы пакарміць, прасачыць, каб чыста было,а яшчэ вады нанасіць, кармы даставіць і раздаць (усё гэта робіцца ўручную) — вось няхітрыя абавязкі даглядчыцы жывёлы. На першы погляд, работа — чыста фізічная, аднак яна патрабуе дакладнага ведання дзясяткаў маленькіх дробязей, без якіх не будзе поспехаў у працы. Як сказалі ў адміністрацыі гаспадаркі, такую сумленную і адказную работніцу яшчэ пашукаць.
— Кожнаму цяляці пакланіцца трэба, — гаворыць Алена Георгіеўна. — Гляджу, каб яны абавязкова папілі, падсілкаваліся своечасова, а калі што не так, вельмі перажываю.
За 11 месяцаў сярэднясутачныя прывагі гадаванцаў Алены склалі больш за 540 грамаў. Гэта 131% да ўзроўню мінулага года, пры тым, што памяшканне, дзе ўтрымліваецца жывёла, даўно ў аварыйным стане. Пры належных умовах прыбаўкі ў вазе маглі б быць значна вышэйшымі.
Чым займаецца ў вольны час? Пытанне падалося Алене Георгіеўне нават смешным: вясковаму чалавеку клопатаў заўсёды хапае. Трэба хатнюю гаспадарку прыгледзець. На ўласным падворку Ярашэвічы трымаюць кароўку, парсюкоў, курэй. Практычна ўся дамашняя работа кладзецца на рукі Алены Георгіеўны, бо муж, Сяргей Віктаравіч, працуе ў Сянне эканамістам на маслазаводзе.
Так у клопатах ляцяць дні, складваюцца ў месяцы і гады. Амаль 10 год ужо як працуе Ярашэвіч аператарам па дарошчванні. «Аператарскай маю работу ў сучасных умовах і блізка назваць нельга: конь, калёсы, вілы, вядро… Вось бадай і ўся аснастка. Аднак і тут жа некаму трэба працаваць. Шкада, што ад працы жадаемых вынікаў не маеш», — разважае жанчына. Магчыма, некалі дырэкцыя прадпрыемства і да гэтай фермы павернецца тварам, і латыгальскія жывёлаводы будуць хадзіць у раённых перадавіках.
Ларыса МУКАМОЛАВА.