Гора-маці не далі апошняга шансу

Дзеці — гэта найцудоўнейшы цуд, дадзены нам Богам. Усё жывое дбае аб прадаўжэнні роду, клапоціцца пра здароўе і бяспеку па­томства, рыхтуе яго да самастойнага жыцця. Для гэтага жывёлам, птушкам, іншым прадстаўнікам фаўны дадзены інстынкты. Людзям дадзены яшчэ і розум.

 Аднак некаторым чалавечым асобінам ён мала дапамагае, таму што «глушаць» яны свой розум спіртнымі напоямі. Асабліва страшна, калі сябруюць з «зялёным зміем» жанчыны-маці. Хаця такіх гэтымі святымі словамі і назваць нельга, бо губляюць яны не толькі сваю жаноцкасць і наогул чалавечае аблічча, але і адказнасць за дзяцей, якая закладзена самой прыродай.

 У кожнай з пітушчых прадстаўніц слабога полу свая дарога да бутэлькі. Але, калі не хапае сіл своечасова спыніцца, дарога гэта заканчваецца аднолькава — паўстае пытанне аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў.

 Нядаўна на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх (КСН) райвыканкама былі разгледжаны хадайніцтвы аддзела адукацыі аб прызнанні непаўнагадовых дзяцей грамадзянак  П. і С., маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Абедзве жанчыны, якія выглядалі старэй свайго ўзросту, прыйшлі на пасяджэнне камісіі з пахам алкаголю. Абедзве, калі ўбачылі, што справа можа скончыцца адабраннем дзяцей, прасілі даць апошні шанс. Хаця выкліканы былі «мамаши» на пасяджэнне камісіі не знянацку. Шансы выправіцца і  пачаць  весці чалавечы лад жыцця ім даваліся.

 Дачка грамадзянкі П. прызнана знаходзячайся ў сацыяльна небяспечным становішчы ў красавіку мінулага года, трое дзяцей  грамадзянкі С. — у маі сёлетняга. Гэта зафіксавана ў рашэннях саветаў па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, якія дзейнічаюць у школах, дзе вучацца дзеці  (школы, як і прозвішчы «гераінь» гэтай публікацыі, не называем з этычных меркаванняў).

 Ва ўстановах адукацыі, згодна з заканадаўствам, былі распрацаваны індывідуальныя планы абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх і, адпаведна, праведзены комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне становішча дзяцей у сем’ях. Гора-маці дажыліся да таго, што дзяржава вымушана абараняць ад іх іх жа дзяцей.

 У неблаганадзейныя сем’і пастаянна наведваліся прадстаўнікі школ разам з работнікамі іншых зацікаўленых службаў (намнога больш зацікаўленых лёсамі няшчасных дзяцей, чым родныя маці): сельскіх Саветаў, РАУС, УЗ «Сенненская ЦРБ», арганізацый, дзе працуюць маці.

 З жанчынамі праводзіліся шматлікія растлумачальна-прафілактычныя гутаркі пра належнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў, недапушчальнасць прысутнасці ў кватэры пабочных асоб асацыяльных паводзін і распіцця спіртных напіткаў, пра неабходнасць сістэматычнага клопату аб здароўі, развіцці і матэрыяльна-бытавым забеспячэнні сыноў і дачок, недапушчальнасці пакідання іх без нагляду, на іншыя тэмы.

 Сем’ям аказвалася дапамога ў рамках акцыі «Партфель».

 У навучальных установах дзеці былі далучаны да заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах, факультатывах, гуртках.

 Аднак, мерапрыемствы, праведзеныя згодна з індывідуальнымі планамі абароны дзяцей, стойкіх станоўчых выні­каў не далі, адзначаецца ў хадайніцтвах аддзела адукацыі.

 Па-ранейшаму жанчыны злоўжываюць спіртным, пад­трымліваюць сувязь з асобамі асацыяльных паводзін, а на дзяцей звяртаюць мала ўвагі. Вось вытрымка з аднаго хадайніцтва: «Жылое памяшканне не ўтрымліваецца ў адпаведнасці  з санітарна- гігіенічнымі нормамі: у кватэры не робяцца ўборкі, у кухні брудны посуд, на падлозе валяюцца пустыя бутэлькі, адзенне дзяцей і пасцельная бялізна не ўтрымліваюцца ў чысціні і парадку, у жылым памяшканні прысутнічае стойкі непрыемны пах. Каля дома зламана агароджа. Тэрыторыя, што прылягае да дому, знаходзіцца ў нездавальняючым стане. У жылым памяшканні не захоўваецца тэмпературны рэжым (вельмі холадна), таму што адсутнічае запас паліва да ацяпляльнага сезону.

 Дзеці не забяспечаны паўнацэнным харчаваннем: запас прадуктаў харчавання мінімальны, адсутнічае прыгатаваная ежа».

 З адмоўнага боку характарызуюцца маці-выпівохі і ў арганізацыях, дзе працуюць. У іх вытворчых характарыстыках значыцца: дрэнна выконвае працоўныя абавязкі, сістэматычна не выконвае планавыя паказчыкі, часта парушае працоўную дысцыпліну, злоўжывае спіртнымі напіткамі і да т.п.

 Далейшае прабыванне дзяцей у сям’і ўяўляе пагрозу для іх жыцця і здароўя. Такімі словамі заканчваюцца хадайніцтвы ў КСН.

 …Апошні шанс нядбайныя маці яшчэ не страцілі. Па рашэнні камісіі дзяцей адабралі на 6 месяцаў. Калі маці не выправяцца і цяпер, то іх пазбавяць бацькоўскіх правоў.

 Што даражэй, гарэлка ці дзеці? Правільны адказ на гэта пытанне і ёсць шанс застацца маці — захавальніцай сямейнага ачага, самым родным чалавекам для сваіх дзяцей, а па вялікім рахунку, — захавальніцай чалавечага роду.

 Таццяна Буракова.