У аграгарадке Багданава Сенненскага раёна мясцовых правапарушальнікаў выклікалі на грамадскі суд

Стоячы пад дзвярыма адміністрацыйнага будынка Багданаўскага сельскага Савета,  Алена  нервова паліла адну цыгарэту за другой і  хавала ад прахожых вочы, на якіх блішчалі слёзы. Наперадзе жанчыну і яе «калег» па асацыяльным ладзе жыцця чакала сур’ёзная размова з прадстаўнікамі савета грамадскага пункта аховы правапарадку. 

Мясцовую грамадскасць на пасяджэнні прадстаўлялі ўчастковы міліцыянер Ю.К.Васілёнак, завуч Багданаўскай сярэдняй школы А.Л.Кацар, загадчыца ФАПа Г.М.Любачка, кіруючая справамі сельвыканкама А.С.Гарбачова. Удзел у ім прыняў таксама галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама У.В.Кадыш. Узначаліў камісію старшыня сельскага Савета В.С.Мурашкевіч.

 Зарэгістраваная ў райцэнт­ры, Алена Ландзёнак, «засвяцілася» практычна ва ўсіх сельсаветах. Прысмактаўшыся, бы паразіт, да чарговага сужыцеля, жанчына, як толькі заканчваліся грошы, з’яджала да іншага. З ліпеня 2012 года пражывае ў Багданаве. Адзінае месца, якое яна стараецца абмінаць, — вёска Масяйкі, дзе жыве дачка-падлетак. Зараз дзяўчынка знаходзіцца пад апякунствам сваёй цёткі, а родная маці пастаўлена на прафілактычны ўлік як абавязаная асоба. Не ведае Алена і колькі завінаваціла дзяржаве за ўтрыманне дзіця. Афіцыйна ўладкавана на працу на Сенненскі льнозавод, аднак не працуе: маўляў, дабірацца няма чым. Яе прыгажосць, прапітая алкаголем, пракураная тытунем, забраная хваробамі-спадарожнікамі — каростай і педыкулёзам. На ўсе спробы медыцынскіх работнікаў, супрацоўнікаў сельскага Савета прымусіць  задумацца, кінуць піць, прайсці лячэнне Алена адказвала агрэсіўна. У старшынёўскім кабінеце агрэсіі паменшала, ды і слёзы хутка высахлі, бо жанчына даведалася, што рыхтуюцца дакументы аб накіраванні яе ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

 Разам з ёй у ЛПП адправіц­ца і яшчэ адзін аматар моцнага напою Сяргей Тарун.

 У чарговы раз разглядалася справа Юрыя Гарбачова з вёскі Гарадзец. На гэты раз яму пагражае крымінальная адказнасць за нявыплату аліментаў на сына. Доўг складае амаль восем мільёнаў рублёў. З чаго яму плаціць? Нідзе не працуе, злоўжывае алкаголем. Адзіны даход здаровага, з рукамі і нагамі, мужчыны — пенсія састарэлай маці. Тая, параў­наўшы ўмовы пражывання ў Багданаўскім аддзяленні штодзённага знаходжання састарэлых і ва ўласным доме пад «клопатам» сына, выбрала дзяржаўную апеку. Праўда, няшчасныя 20% пенсіі, што застаюцца ад аплаты паслуг сацыяльнай установы, яна пакорліва аддае «роднай крывіначцы». «А дзе працаваць?» — са здзіўленнем парыруе Юрый на асу­джальныя выказванні. Між тым, патрэба ў працоўных руках сёння адчувальная ва ўсіх сферах народнай гаспадаркі раёна. Мужчына проста не жадае працаваць. І гэта даказваюць яго ўчынкі. У красавіку ён уладкаваўся на працу ва УП «Сяннобудмеліяводгас» вартаўніком. Ахоўваў, дарэчы, клюшачнік, які ўзводзіцца ў роднай вёсцы. Свае абавязкі не выконваў. У выніку чаго з аб’екта былі скрадзены будаўнічыя матэрыялы. З такім работні­кам прадпрыемства ўсякія адносіны спыніла.

 У адрозненні ад пастаянных наведвальнікаў, у жыхара Багданава Аляксея Гарнака шанцы на выпраўленне ёсць, трэба толькі імі скарыстацца. Па месцы працы, у ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», дзе нядаўна рупіўся механізатарам, малады чалавек характарызуецца станоўча. Ёсць жонка, сын. Маладой сям’і выдзелілі прасторны катэдж. Здавалася, жыві і радуйся. Толькі Аляксею такое жыццё не ў лад. На падворку беспарадак, бур’ян вырас вышэй за плот. Хлопец апраўдваецца: «Няма часу прыбраць». Але яго Аляксей знаходзіць на начныя катанні па Сянне, кіруючы аўтамабілем у нецвярозым стане. На гэтым правапарушэнні хлопец папаўся два разы. Заведзена крымінальная справа. Цяпер, замест таго, каб купіць што-небудзь карыснае для дома, сям’і, будзе выплачваць шматмільённы штраф дзяржаве.

 Прычына такіх паводзін  ляжыць на дне шклянкі. Алкаголь замяняе людзям родных, блізкіх, працу, сцірае сацыяльныя межы. Медыкі сцвярджаюць, алкагалізм — гэта хвароба,  людзей, патрапіўшых у палон «зялёнага змія», трэба лячыць. І дзяржава лечыць: накіроўвае на кадзіраванне, працаўладкоў­вае. Між тым, для некаторых алкаголікі — не грамадская праблема, а выгадны бізнэс. І чым больш такіх «хворых», тым большым будзе прыбытак. Толькі за лістапад у Багданаўскім сельсавеце было выяўлена і ліквідавана дзве кропкі нелегальнага збыту алкагольнай прадукцыі, у тым ліку і самаробнай.

 Вінны магазін арганізавала ў сваёй хаце пенсіянерка з Гарадца Лідзія Афанасьева. Аўталаўка ў вёску ходзіць разы два на тыдзень, а да цэнтра не заўсёды дабярэшся, вось і спяшаюцца «страждущие» да спагадлівай бабулі. Хоць цэны на тавар вышэйшыя за ма­газін­ныя, канкурэнцыі ёй няма.

 Віталь Куранцоў спіртное не ўжывае, затое актыўна спойвае іншых. Дзейнасць мужчыны патрапіла ў поле зроку праваахоўных органаў. У выніку пры аглядзе дома і гаспадарчых памяшканняў спадара Куранцова выяўлена 130 літраў брагі і 28,5 літраў самагону. Занадта, каб  «вы­ключна для сябе». Бутэлькі з першачком міліцыянеры дзе толькі не знаходзілі: пад канапамі, у саломе. Галоўны ж доказ — самагонны апарат — быў схаваны ў трактары гаспадара. Між іншым, гэта самая буйная партыя самагону, выяўленая на тэрыторыі раёна за апошнія гады. Летась у Рудніцы ліквідавалі 12 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці.

  Правапарушальнікі прыйсці на пасяджэнне савета ГПАП катэгарычна адмовіліся. Праўда, прафілактычыныя размовы з імі праводзіліся неаднаразова, вось толькі ні Афанасьева, ні Куранцоў да іх так і не прыслухаліся. Цяпер давядзецца адказваць ужо не перад грамадскасцю, а перад судом. На жаль, ім пагражае толькі штраф, у параўнанні з прыбыткам ад «бізнэсу», не вельмі накладны. Гэта не кампенсуе тую колькасць загубленых душ і сямейных трагедый, што ляжаць на сумленні «алкадылераў».

 На «штатных» парушальнікаў павучаннямі наўрад ці можна паўздзейнічаць. Пра­глынуўшы «кракадзілавыя» слёзы, такія як Ландзёнак, Гарбачоў, з кабінета накіруюцца ў бліжэйшы магазін за спіртным. Але да пары. Усведамленне непрыемных наступстваў сваіх паводзін да многіх даходзіць позна, калі душавыратавальныя размовы саступаюць месца жорсткаму і непарушнаму закону.  Асноўная ж мэта дзейнасці грамадскіх пунктаў аховы парадку — дапамагчы выправіцца, даць яшчэ адзін шанс выйсці на нармальны жыццёвы шлях.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.