У ААТ “Студзёнка” ведаюць, чым прывабіць маладога спецыяліста
Нягледзячы на нядоўгі працоўны стаж, крыху больш за тры месяцы, Яўгенія Цімашэнка, малады спецыяліст зарэкамендавала сябе адказным работнікам. Эканамічнымі паказчыкамі па надоях, прывагах, цэнтнерах і гектарах гэтая прывабная 21-гадовая дзяўчына апелюе так натуральна, быццам за плячыма ў яе сур’ёзны і важкі стаж.
У ААТ «Студзёнка» не шкаюць: аб тым, што паставілі нядаўнюю выпускніцу адразу на пасаду галоўнага эканаміста.
Яўгенія, ці, як на працы да яе з павагай звяртаюцца, Яўгенія Міхайлаўна, сёлета скончыла эканамічны факультэт Горацкай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. У Студзёнку патрапіла па размеркаванні. Гаспадарка маладога спецыяліста прыняла і падтрымала: выдзеліла новенькі дом з усімі выгодамі, выплаціла пад’емныя на абуладкаванне. Так што на ўмовы працы і быту наракаць не даводзіцца. Што датычыцца жыцця ў сельскай мясцовасці, то дзяўчына да гэтага аказалася прывычная. «Я сама, лічыце, з вёскі, нарадзілася і вырасла ў Багушэўску», — кажа Яўгенія. У прыватнасці, у аграгарадку Студзёнка, упэўнена яна, для людзей хапае ўсяго. А калі што, можна і ў горад з’ездзіць, добра, што недалёка.
Далёкія перспектывы наконт далейшага месцажыхарства і працы Яўгенія не будуе. Так, пакуль усё падабаецца, а, галоўнае, задавальняе зарплата — адна з самых высокіх у аграпрамысловым комплексе раёна. Прынамсі, бліжэйшыя два гады, сцвярджае малады спецыяліст, з’язджаць нікуды не збіраецца.
Сёлета ААТ «Студзёнка» папоўнілася адразу трыма маладымі спецыялістамі. Усе яны, дарэчы, ураджэнцы Сенненскага раёна. Акрамя Яўгеніі Цімашэнка, сюды прыйшлі працаваць інспектарам аддзела кадраў Анастасія Шыбека, галоўным энергетыкам Аляксей Шыбека. Ужо год адпрацавала бухгалтарам Ганна Міхалінская.
Тым часам у гаспадарцы спадзяюцца затрымаць перспектыўных работнікаў, таму не баяцца рабіць стаўку на моладзь, у тым ліку стымулюючы апошнюю заработнай платай, магчымасцямі кар’ернага росту, прывабнымі бытавымі ўмовамі. Тут ведаюць, што ў будучыню сельгаспрадпрыемства трэба ўкладваць ужо сёння.
Вольга БАНДАРЭВІЧ.