Слова дэпутату: Аляксандр БАСЯКОЎ — дэпутат Сенненскага раённага Савета дэпутатаў Нямойтаўскай выбарчай акругі №24

 Самым эфектыўным сродкам кантролю за работай дэпутатаў з’яўляецца справаздача перад выбаршчыкамі акругі. Таму раённы Савет дэпутатаў і яго прэзідыум імкнуцца да таго, каб кожны выбраннік,   хаця б раз за скліканне меў магчымасць далажыць аб сваёй дзейнасці на сесіі райсавета. Менавіта такую справаздачу нядаўна трымаў Аляксандр Басякоў, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Нямойтаўскай выбарчай акругі №24.

Наш карэспандэнт сустрэўся з ім і задаў  некалькі пытанняў, адказы на якія будуць цікавыя ўсім чытачам «раёнкі».

 — Аляксандр Пятровіч, што ўяўляе ваша выбарчая акруга?

 — У састаў Нямойтаўскай выбарчай акругі ўваходзіць 24 населеныя пункты, буйнейшыя з іх — аграгарадок Нямойта, вёскі Забор’е, Будзі­шча, Папоўка, дзе жыве 954 чалавекі, з якіх 534 — працаздольнае насельніцтва.

 Асноўнае прадпрыемства, на якім заняты мясцовыя жыхары — гэта прыватнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Дружбінец». Сёння яно прадастаўляе 210 пастаянных рабочых месцаў. Па сезонах  колькасць працуючых можа значна павялічвацца. Акрамя гэтага, жыхары акругі працуюць у  Нямойтаўскай дзіцячым садзе-школе, у ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», аддзяленні паштовай сувязі, фельчарска-акушэрскім пункце, пункце бытавога абслугоўвання, магазінах райспажыўтаварыства.

 — Што вы лічыце галоўным у сваёй дэпутацкай дзейнасці?

 — Я, як дэпутат раённага Савета ад Нямойтаўскай выбарчай акругі, стаўлю перад сабой задачу садзейнічаць  рабоце вышэйпералічаных сацыяльных аб’ектаў, забеспячэнню вёсак вадой, электраэнергіяй.  Як кіраўнік ПП «Дружбінец»  адказваю за павышэнне вытворчых паказчыкаў, паляпшэнне ўмоў працы, рост заработнай платы.

 Безумоўна, не застаецца без увагі і самая ўзроставая катэгорыя насельніцтва маёй акругі — пенсіянеры. Наведваючыся ў вёскі, вывучаю набалелыя праблемы пажылых людзей, прыслухоў­ваюся да іх прапаноў. Усё гэта дазваляе ўдасканальваць  дэпутацкую і кіраўніцкую дзейнасць.

 На тэрыторыі акругі — 405 домаўладанняў. На жаль, ёсць вёсачкі, што  знахо­дзяцца на мяжы знікнення: Дубаўцы, Ладзікава, Ціміразева і інш.

 Насельніцтва сярэдняга ўзросту, нярэдка пенсіянеры трымаюць жывёлу, птушку, маюць прысядзібныя агароды. Клопат аб гэтых людзях — прыярытэт маёй дзейнасці.

 Звароты вяскоўцаў носяць пераважна вусны характар,  сезонную «афарбоўку»:  зімой датычаць — расчысткі дарог па населеных пунктах, асвятлення; вясной і восенню — апрацоўкі  зямлі, уборкі  агародаў. Працуем у цесным кантакце з сельскім Саветам і яго старшынёй Анатолем Бараноўскім. З красавіка па май займаліся добраўпарадкаваннем грамадзянскіх могілак  у аграгарадку Нямойта, вёсках Забор’е, Будзішча, Сукрэмна, рамантавалі пад’езды да пагостаў у Будна, Камарова.

 Памятаем і аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. Удзельніцы вайны Марыі Пятроўне Куляшовай аказана дапамога  ў рамонце агароджы. Разам з сельскім Саветам дэманціравалі стары помнік і падрыхтавалі пляцоўку для ўстаноўкі новага ў вёсцы Андрэйчыкі. На працягу года і работнікам, і ветэранам працы прадпрыемства дапамагаем у пахаванні родных.

 Знаходзім агульную мову з сельскім Саветам і ў плане добраўпарадкавання: арганізуюцца суботнікі па навядзенні парадку на прылягаючых да адміністрацыйных будынкаў тэрыторыях,  на жывёлагадоўчых фермах. Адчувальных намаганняў і фінансавых затрат каштаваў гаспадарцы рамонт вадаправода ў вёсцы Забор’е. Хаця  затраты не акупляюцца, сёлета ўбралі ўсе прыватныя соткі збожжавых, нават тыя, што не былі ўключаны ў севазварот. Па прымальнай цане рэалізуем насельніцтву зерне, жывёлу, аказваюцца іншыя паслугі.

 — Вы як дэпутат, кіраўнік прадпрыемства цесна ўзаемадзейнічаеце з сельскім Саветам. аднак на тэрыторыі вашай выбарчай акругі ёсць іншыя службы, грамадскія арганізацыі. Якія кантакты з імі?

 — Самае цеснае ўзаема­дзеянне і супрацоўніцтва ажыццяўляецца з участковым інспектарам міліцыі. Імкнёмся больш займацца прафілактыкай правапарушэнняў і злачынстваў. І пэўныя вынікі ёсць: з пачатку  года непаўналетнімі не ўчынена ні аднаго правапарушэння, чаго не скажаш пра грамадзян больш сталага ўзросту. Толькі ў «Дружбінцы» працуе чатыры абавязаныя асобы. У адносінах да адной жанчыны ўчастковым інспектарам сабраны матэрыял для накіравання яе ў ЛПП. На жаль, п’янства распаўсюджаная з’ява  сярод слабага полу.

 Будучыня прадпрыемства — школа. Гэта мы добра разумеем з дырэктарам навучальнай установы Мікалаем Рабушкам. Напачатку навучальнага года прадпрыемствам традыцыйна праведзена акцыя «Партфель». Аказана дапамога па набыцці  для дзяцей школьных прыналежнасцей маламаёмасным бацькам-працаўнікам сельгасарганізацыі. Многія падлеткі аказвалі дапамогу прадпрыемству ў  перыяд летніх канікул. За гэта самым старанным  старшакласнікам уручаны грашовыя прэміі ў Дзень ведаў на ўрачыстай лінейцы, а школе — прынтар.

 На 15 мільёнаў рублёў аказана дапамога дзіцячаму саду.

 — Аляксандр Пятровіч, можа скласціся ўражанне, што ў вас як у дэпутата і кіраўні­ка няма ніякіх праблем…

 — На жаль, сёння самая складаная праблема — бягучы і капітальны рамонты службовага жылля. Яна патрабуе значных фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў. Недастаткова ўкладанняў і ў добраўпарадкаванне, будаўніцтва  жылля, навядзенне парадку на зямлі.

Гутарыў Міхаіл БЯЛОЎ.