Больш за 50% выпускнікоў сенненскіх школ плануюць паступаць у ВНУ

У кожнага чалавека ў жыцці бываюць перыяды, калі ён стаіць на раздарожжы. Ці не ўпершыню рабіць выбар даводзіцца старшакласнікам, якія заканчваюць школу і выбіраюць будучую прафесію. На якую лёсавызначальную дарогу ім ступіць, каб не памыліцца? Як выбраць прафесію па душы? Каб  дапамагчы адзінаццацікласнікам першай і другой сенненскіх школ вызначыцца ў гэтых пытаннях, у актавую залу СШ №1 г.Сянно прыйшлі прадстаўнікі розных раённых арганізацый і прадпрыемстваў.

 — Усе прафесіі важныя, усе прафесіі патрэбныя, — такімі словамі пачала сустрэчу Алена Шафранская, вядучы спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама. Яна ж пазнаёміла школьнікаў з гасцямі, якія прэзентавалі прафарыентацыйную праграму «Дарогі, якія мы выбіраем».

 У гэтым навучальным го­дзе 210 выпускнікоў назаўсёды развітаюцца са школай, кожны абярэ сваю дарогу. Згодна з папярэднім маніторынгам больш за 50% вучняў 11 класаў устаноў адукацыі раёна плануюць паступаць у ВНУ. Лідыруюць спецыяльнасці інжынернай, тэхнічнай, будаўнічай накіраванасці.

 Валянціна Таранава, інспектар па кадрах УП «Сенненская ПМК-64», расказала пра патрэбнасць прадпрыемству спецыялістаў-будаўнікоў, бо ў раёне ўзводзяцца новыя жылыя дамы, будуюцца і рэканструююцца жывёлагадоўчыя фермы і інш. Пазнаёміла яна прысутных з аплатай працы будаўнікоў, установамі адукацыі, дзе можна атрымаць прафесію.

 — У медыцыне галоўнае, акрамя ведаў набытых у ВНУ, пастаянная далейшая самаадукацыя, — такімі словамі пачаў сваё выступленне Алег Усялёнак, урач-фтызіятар Сенненскай ЦРБ. — Я ўрач у чацвёртым пакаленні і не ведаю лепшай прафесіі.

 Алег Паўлавіч расказаў і пра «падводныя камяні» ў медыцыне і ў працы людзей, якія ёй прысвячаюць жыццё.

 Сенненшчына — раён сельскагаспадарчы, таму захоўваецца пастаянная запатрабаванасць у спецыялістах аграрнай галіны. Ад Ніны Правілавай, галоўнага спецыяліста ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, вучні даведаліся пра ўстановы адукацыі, дзе можна набыць прафесію заатэхніка, ветурача, зааінжынера, ветфельчара і г.д. Цікавасць выклікалі звесткі аб мэтавых накіраваннях, даплатах да стыпендыі, ільготах, якія атрымліваюць абітурыенты, студэнты, маладыя спецыялісты сельскай гаспадаркі.

 Наталля Фарэйтарава, старшы інспектар групы кадраў Сенненскага РАУС, Алена Булаўская, галоўны спецыяліст раённага аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, Святлана Панушкіна, загадчыца ДУА «Яслі-сад №1 г.Сянно», агітавалі за свае спецыяльнасці і прафесіі, аднак, выбар усё ж застаецца за будучымі абітурыентамі.

 — Галоўнае быць карыснымі грамадству. Дзе б вы не вучыліся, Сенненшчына заўсёды будзе чакаць вас, — такімі словамі паставіла кропку ў сустрэчы Марына Наваковіч, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама.

 Пра іншыя розныя спецыяльнасці, факультэты і ўстановы адукацыі выпускнікі маглі даведацца таксама з прадастаўленых буклетаў.

Ірына ГАРБАЧОВА.