Пад гукі аркестра на Камсамольскай плошчы райцэнтра каля 50 юнакоў Сенненшчыны атрымалі павесткі на службу ў армію

Штогод падобныя мера­прыемствы праходзяць вельмі ўрачыста і святочна. Яшчэ ўчора прызыўнікі бестурботна жылі на «гражданке», а сёння іх чакае нялёгкае армейскае жыццё.

Мерапрыемства пачалі ўжо знаёмыя многім «капітаны» моладзевага руху Сеннен­шчыны Марына Наваковіч, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама, і Аляксандр Абушкевіч, першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ». Зоя Фаміна, намеснік старшыні райвыканкама, таксама жадала навабранцам добрай службы, з годнасцю несці званне воіна-сенненца. Па-сапраўднаму ваенны наказ даў і начальнік групы прызыву раённага камісарыята Антон Баталка.

Прысутнічалі на цырымоніі і родныя навабранцаў, якія, безумоўна, хваляваліся за будучы лёс сваіх сыноў. Са шчырымі словамі выступіла перад прызыўнікамі Галіна Сірэнка, маці аднаго з навабранцаў — Віталя Сірэнкі. Блаславіў будучых абаронцаў Айчыны настаяцель-протаіерэй Свята-Мікалаеўскага храма, айцец Мікалай. Слова меў і навабранец Павел Кротаў, які ад імя ўсіх прызыўнікоў абяцаў сумленна служыць у войску.

Ірына ГАРБАЧОВА.