У Ходцах запрацаваў міні-праект Беларускага Чырвонага Крыжа

Магчымасці рэалізацыі сацыяльнага патэнцыялу сталых людзей у сучасных умовах — тэма  круглага стала, арганізаванага на прыкладах работы выканкама Ходцаўскага сельскага Савета дэпутатаў.

Для ўдзелу ў яе абмеркаванні на Сенненшчыну за­ві­тала рабочая група ў складзе прадстаўнікоў Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) — галоўнага спецыяліста па рабоце са згуртаваннямі Галіны Мацюшэнка, каардынатара па рабоце  са згуртаваннямі Віцебскай абласной арганізацыі Таццяны Дробыш, а таксама міжнароднага кансультанта, які прадстаўляў Швейцарскі  Чырвоны Крыж, Эндру Хампфрэйза.

Ад мясцовых улад удзел у абмеркаванні прынялі намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, старшыня выканкама Ходцаўскага сельскага Савета Вольга Шчарбакова.

Асноўная частка мерапрыемства была прысвечана праблемам адвакацыі — новаму напрамку ў дзейнасці ініцыятыўных груп БТЧК. Падчас сустрэчы-прэзентацыі сваю  дзейнасць  прадставілі міні-праекты «Дабрабыт» з аграгарадка Ноўка і «Залаты ўзрост» Першамайскага раёна Віцебска. Вопытам работы падзяліліся ўдзельнікі нашых  міні-праектаў: «Родник» з Сянна і «Мы —разам!» з вёскі Папоўка Нямойтаўскага сельсавета.

Сёлета да іх далучыліся Ходцы. Круглы стол даў старт новаму міні-праекту «Маладыя душой», які з’яднаў жыхароў аграгарадка ў імкненні весці і прапагандаваць сярод аднавяскоўцаў здаровы лад жыцця. Першым сумесным дасягненнем актыўных пенсіянераў і мясцовай улады стане трэнажорная зала, пад якую будзе абсталяваны адзін з пакояў адміністрацыйнага будынка выканкама мясцовага сельскага Савета.