Развагі пра кнігу. Душы самаўдасканалення

— Што лепш падараваць маладому чалавеку на дзень нараджэння,— звярнулася да мяне за парадай стрыечная пляменніца і ўдакладніла:

 — Будучы юрыст, мой аднакурснік. Інтэлігентны, прыгожы, разумны.

 Адказала я, не задумваючыся:

 — Добрая кніга — найлепшы падарунак. Для юрыста? Можа Агата Крысці?

 — Ну не, занадта банальна.

 — А калі што-небудзь накшталт «Малахітавай шкатулкі» Бажова? З намёкам на ўсемагутнасць Гаспадыні гары меднай і спадзяванне, маўляў, стану гаспадыняй твайго сэрца?

 У жартах і развагах мы выбралі падарунак юнаку.

 Кніга — гэта асабісты сябра, дарадца, памочнік на шляху пазнання жыцця.

 «Людзі перастаюць мысліць, калі перастаюць чытаць» — гэтая думка Дэні Дзідро — найвялікшая мудрасць на ўсе вякі. Ніякі камп’ютар ці тэлеэкран не заменіць непасрэднага яднання з аўтарамі, такімі рознымі, такімі шматлікімі. Чэхаў, Рэмарк, Хэмінгуэй становяцца нашымі суразмоўцамі, калі бяром у рукі іх томік. Ніякая экранізацыя, ніякі пераказ не заменяць знаёмства з тэкстамі твораў, бо толькі чытаючы арыгінал твора, убіраеш у сябе думкі, пачуцці, развагі аўтараў, іх эмоцыі, пачынаеш суперажываць разам з героямі.

 Варта ўзяць і прагледзіць абанентскую картку, як раней, ці спіс прачытанага, зафіксаваны ў камп’ютары, як цяпер — і многае зразумееш пра ўнутраны свет чытача. Адным словам, скажы мне, што чытаеш, і я скажу, які ты. Вось нядаўна мая знаёмая жанчына, адукаваная, маці дваіх дзяцей, з пагардай адкінула ад сябе кнігу:

 — Няўжо знаходзяцца яшчэ такія, што чытаюць падобнае глупства?

 Я ўзяла кнігу, якую так не ўпадабала мая прыяцелька. Сэлінджэр. Глупства? Няўжо не ўразіла, не ўзрушыла яе нават «Над пропастью во ржи»?

 — Ат, на смак і на густ не бывае таварышаў, — адмахнулася ад маёй заўвагі прыяцелька.

 Так, не кожны твор мы ўспрымаем адназначна. Асабіста я «не з першага заходу» зразумела «Жизнь Клима Самгина» Горкага. Больш таго, «Войну и мир» Талстога ацаніла толькі ўжо будучы студэнткай-старшакурсніцай. Сорамна прызнацца, але не адкрыла я для сябе «Мастера и Маргариту» Булгакава. Разоў дзесяць, напэўна, то дэталёва чытала, то перагортвала, але… Відаць, не дарасла розумам. Ці можа не ў тым кірунку ён, розум, настроены? Як жа так, увесь свет, можна сказаць, узрушаны «Мастером», а я маўчу, бо твор гэты для мяне «чёрный ящик».

 А днямі парэкамендавалі мне ў цэнтральнай раённай бібліятэцы зборнік «У храме зямнога кахання», у які ўвайшлі аповесці і апавяданні Раісы Баравіковай, Уладзімі­ра Дамашэвіча, Алеся Наварыча, Андрэя Федарэнкі і іншых беларускіх празаікаў. Ва ўсіх творах дамінуюць тэмы кахання, пошуку героямі сапраўдных маральна-этычных асноў і вартасцей жыцця, імкнення да чалавечага шчасця. Парадавала і тое, што кніга выдадзена на дабротнай паперы, па-мастацку аформлена. Гэта цудоўна, што беларускую літаратуру так выдаюць.

 Прапагандыстамі кнігі, агітатарамі за яе з’яўляюцца работнікі цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы раёна, якую шмат гадоў узначальвае Ніна Рыгораўна Палі­шчук. Алена Людвігаўна Гардзюк, Галіна Мікалаеўна Мяцеліца і іншыя заўсёды дапамагаюць чытачам выбраць якраз тое, што патрэбна.

 Вечарамі, надарыцца, ідзеш па райцэнтры і бачыш, як на лавачках у скверыку, а то і проста на тратуарных бардзюрчыках, то тут, то там, купкі юнакоў і дзяўчат смокчуць прама з бутэлек піва. Кажуць, цяпер гэта модна. Але наколькі лепш выглядалі б яны не з бутэлькай, а з кнігай у руках. Мінецца, пройдзе мода на ўсё. І толькі на кнігу — ніколі!

   Людміла Працэнка