Сенненскі РДК прымае лялечныя тэатры з усёй Віцебшчыны

Першага лістапада ў рамках Года кнігі ў Cенненскім раённым Доме культуры пройдзе абласное свята-конкурс лялечных тэатраў «Лялечны свет». Мерапрыемства ўжо можна назваць добрай традыцыяй, бо яно будзе праходзіць на Віцебшчыне другі раз.  

 Летась Сенненскі лялечны тэатр кнігі «Пятрушка» атрымаў ганаровае званне «Народны аматарскі калектыў», таму месцам правядзення мерапрыемства ў гэтым годзе вырашана абраць менавіта г.Сянно.

 Мэтай правядзення свята з’яўляецца папулярызацыя лялечнага тэатральнага мастацтва, развіццё і адраджэнне нацыянальных традыцый беларускай батлейкі, выяўленне і падтрымка новых напрамкаў, жанраў і формаў тэатральнай творчасці.

 У абласным свяце прымуць удзел 11 лялечных тэатральных калектываў Віцебшчыны. Гледачы ўбачаць спектаклі і традыцыйнай батлейкі, і простыя лялечныя формы. Гэта і пальчаткавыя лялькі, якімі  кіруюць з дапамогай рук, і траставыя, у якіх толькі галава і рукі лялечныя. На працягу ўсіх выступленняў гледачоў будуць забаўляць лялькі ў рост чалавека і артысты тэатра гульні «Ігрык» Верхнядзвінскага РДК.

 Маленькіх гледачоў парадуюць персанажы з любімых  казак і мультфільмаў: «Маша і мядзведзь», » Канікулы ў Прастаквашына».   

 Героі казак прымусяць нас ад усяго сэрца пасмяяцца,  задумацца над вечнымі праблемамі: што такое сапраўднае сяброўства, як дабрыня дапамагае жыць.

 У фае Дома культуры наведвальнікаў парадуе выстава лялек, на якой будуць прадстаўлены як традыцыйныя, так і сучасныя іх формы, зробленыя рукамі навучэнцаў Сенненскага цэнтра дзяцей і моладзі пазашкольнай работы. Акрамя гэтага, тут жа будзе працаваць выстава дзіцячых малюнкаў.

 Яшчэ адзін сюрпрыз чакае шматдзетныя сем’і горада і раёна:  калектывы-ўдзельнікі напрыканцы выступленняў прэзентуюць ім сімвалічныя падарункі на памяць.

 Лялькі для нас — гэта сімвал дзяцінства. Вялікія і маленькія, сумныя і вясёлыя, добрыя, а часам нават злосныя, на сцэне, дзякуючы майстэрству акцёраў, нагадаюць нам нас, таму гэта будзе цікава не толькі дзецям, але і дарослым.

 Ірына Шаціла,

вядучы метадыст ДУ «Віцебскі АМЦНТ»