Дзе адрамантаваць аўто ў Сянно?

  У рэдакцыю звярнулася жанчына-вадзіцель з просьбай па-магчымасці расказаць на старонках газеты, дзе ў нашым горадзе можна адрамантаваць аўтамабіль. Сапраўды, пытанне надзённае, бо ў апошні час у райцэнтры значна павялічылася колькасць уладальнікаў машын. Як сцвярджала Таццяна, так назвалася тэлефанаваўшая, складваецца такое ўражанне, што апроч замены шын ніякіх паслуг больш ніхто не аказвае. Няўжо, каб пагля­дзець, што «барахліць» унутры, альбо замяніць машыннае масла, трэба ехаць у сэрвісныя цэнтры ў Віцебск?

  Мы паспрабавалі разабрацца ў дадзеным пытанні. Як высветлілася, аказаннем паслуг па рамонце аўтамабіляў у горадзе займаюцца прыватныя і дзяржаўныя прадпрыемствы.

 Напрыклад, робяць камп’ютарную дыягностыку электронных сістэм кіравання па вуліцы Чырвонаармейскай — «Шынамантаж і дыягностыка». Тут толькі выяўляюць няспраўнасць. А вось на прыватным прадпрыемстве «Сянно-сэрвіс» спектр прапаноўваемых работ значна шырэйшы. Спецыялісты разбяруцца ў няспраўнасцях матора, а таксама могуць правесці зварачныя, зімой, фарбавальныя работы, замяніць масла, адрамантаваць падвеску і многае іншае. Звярнуўшыся на шынамантаж  у  аўтатранспартнае прадпрыемства №20, можна вырашыць пытанні, звязаныя з коламі аўто. А ў сенненскай дыягнастычнай станцыі, якая па аснашчанасці навейшым абсталяваннем лепшая ў вобласці, не толькі прахо­дзяць тэхагляд. Тут можна праверыць тармазную сістэму, замерыць дымнасць і таксічнасць адпрацаваных газаў і інш.

 Як бачна, спектр прапанаваных паслуг па рамонце аўтамабіляў у райцэнтры даволі шырокі. Толькі вось работы па замене шкла аўто ў нас яшчэ не практыкуюцца, таму па неабходнасці трэба звяртацца ў сэрвісныя цэнтры вобласці.

Ала ЯКАЎЛЕВА