Лёгкага хлеба не бывае

Аляксей Гарбачоў, камбайнер Віцебскай доследнай меліярацыйнай станцыі, заняў трэцяе месца ў абласным спаборніцтве сёлетняга года на ўборцы зерневых культур сярод моладзевых экіпажаў. Ён намалаціў 1434 тоны збожжа   і стаў удзельнікам рэспубліканскага свята «Дажынкі — 2012» у горадзе Горкі.

Нарадзіўся і вырас Аляксей на Сенненскай зямлі, у вёсцы Багданава. Скончыў мясцовую школу. Прафесію ва­дзі­целя набыў у Ві­цебскім ДТСААФ. Пасля

службы ў арміі хлопец не раздумваў, а вярнуўся ў родную гаспадарку, стаў працаваць на зямлі.

Вось ужо сем гадоў Аляксей Гарбачоў ро­біць камбайнерам у Віцебскай доследнай меліярацыйнай стан­цыі. Усе заданні выконвае ў тэрмін і якасна. Умее цаніць і правільна размеркаваць рабочы час. Кожную ўборачную кампанію ў лідарах у раённым спаборніцтве сярод моладзевых экіпажаў на ўборцы зерневых культур. У 2010 годзе быў удзельнікам абласных дажынак у Расонах.

Праца механізатара нялёгкая. Падчас напружаных сезонных  работ трэба трымаць у выдатным стане машыну, калі не хочаш, каб яна падвяла ў самы адказны момант.

— Спачатку цэлы месяц рыхтаваў камбайн, — гаворыць Аляксей, — потым пачаліся ўборачныя работы. Мож­на сказаць, тры месяцы жыў у камбайне.» На традыцыйнае пытанне як удаецца быць лідарам, хлопец адказаў: «У мяне ніякіх сакрэтаў няма, я проста працаваў».

Калі выпадае свабодная гадзіна, дапамагае дзеду  даглядаць пчол, любіць парыбачыць і проста пабыць на ўлонні прыроды. Ёсць і каханая дзяўчына. Зараз яна працуе ў адной з бухгалтэрый  раённага аддзела  адукацыі і завочна  вучыцца ў Полацкім універсітэце.

На дажынках у Горках Аляксею асабліва спадабалася святочнае шэс­це і цырымонія ўзна­гароджання перадавікоў з удзелам Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, розныя культурна-забаўляльныя мерапрыемствы.

У час ушанавання лепшы прадстаўнік хлебнай нівы нашага раёна Аляксей Гарбачоў атрымаў Дыплом і халадзільнік.

Выбар прафесіі іграе ў жыцці кожнага з нас вялікую ролю. І калі правільны гэты крок, значыць чалавека чакае задавальненне ў працы. У гэтых адносінах Аляксею пашанцавала. Для яго, зусім малога, любімым заняткам было пакатацца з бацькам на «палявым караблі». А ў 13-гадовым узросце ён ужо рабіў памочнікам камбайнера.

Ад сябе дадам: не сам па сабе прыйшоў поспех да Аляксея — карані яго ў сям’і, бо павагу да цяжкай працы хлебароба неабходна выхоўваць з дзяцінства. Менавіта родныя пры­вілі свайму сыну любоў да працы. Гэтаму немагчыма навучыць словамі, навукай можа быць толькі бацькоўскі прыклад. І сёння імя Аляксея Гарбачова займае пачэснае месца ў кагорце лідараў.

Ларыса Мукамолава.