МТФ “Савінічы” хутка прыме пагалоўе

Рэканструкцыя малочнатаварных ферм у сельскагаспадарчых арганізацыях Сенненшчыны знахо­дзіцца пад пільнай увагай раённага кіраўніцтва.

 Актыўнымі тэмпамі ідзе завяршэнне рэканструкцыі малочнатаварнай фермы «Савінічы» ААТ «Сінягорскае». Бяспрывязна тут будуць утрымлівацца 162 галавы жывёлы. Ужо зроблены ўсе работы па ўнутранай аддзелцы: забетанавана падлога, пастаўлены кармавыя сталы. Адрамантаваны дах. На момант нашага візіту (16.10.2012г.) на ферме не хапала толькі вакон і дзвярэй. Як патлумачылі рабочыя, іх у гэты дзень павінны прывезці з ПМК-64. Падчас завяршэння рэканструкцыі, жывёла ўтрымліваецца на ферме ў вёсцы Бор.

 Побач з малочнатаварнай фермай узведзены клюшачнікі даільнай залы і новай фермы. Рупілася над імі брыгада з Віцебскага гаспадарчага будаўнічага камбіната. Працы яшчэ шмат: над  даільнай залай толькі пачалі ўзводзіць дах. Таму відавочна, што да канца кастрычніка яна не будзе гатова.

 Яшчэ адзін сельскагаспадарчы аб’ект, які ўзводзяць побач з малочнатаварнай фермай — арачнік, дзе будуць утрымлі­вацца цёлкі. Работу вядзе брыгада Васіля Максімовіча ААТ «Сенненскі райаграсервіс». Як адзначыў Васілій Пятровіч, у агульным аб’ёме праца выканана на 85%, таму ўжо ў хуткім часе аб’ект будзе здадзены. Засталося толькі ўцяпліць сцены, завяршыць невялікую ўнутраную аддзелку. Дарэчы, гэта першая канструкцыя, дзе супрацоўнікі райаграсервісу нацягваюць бонд. Таму, па прычыне няведання спецыфічных якасцяў гэтага матэрыялу, у некаторых месцах адбыліся яго парывы, якія трэба ўстараняць. А гэта таксама патрабуе часу.

 Сваю справу добра ведае і вядзе ва ўскораным рэжыме брыгада Васіля Ермашкевіча з УП «Сяннобудмеліяводгаз». Людзі займаліся бетанаваннем. Ужо былі забетанаваны ўнутраныя пляцоўкі фермы, арачніка. Як адзначыў Васілій Генадзьевіч, на сённяшні дзень ім засталося заліць каля 100-150 кубічных метраў бетону. А гэта праца на знешняй пляцоўцы ля арачніка. Нашы далейшыя дзеянні залежаць ад рытмічнай пастаўкі цэменту, адзначыў брыгадзір, але пакуль прастоя не было.

 Праводзімая рэканструкцыя малочнатаварный фермы «Савінічы» дазволіць арганізаваць працу жывёлаводаў з захаваннем сучасных тэхналагічных патрабаванняў і рэкамендацый. А будаўніцтва побач з новай фермай  арачніка   дасць магчымасць пашырыць вытворчыя магутнасці, нарасціць пагалоўе, забяспечыць пры пэўным кармленні высокія прадуктыўнасць і якасць прадукцыі.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

НА ЗДЫМКАХ: за справай брыгада УП «Сяннобудмеліяводгаз» у складзе Мікалая Прыстаўкі, Яўгена Прыстаўкі, Аляксея Хлышчанкі,  Дзмітрыя Тарасевіча, Васіля Ермашкевіча;  арачнік.