Сенненскае УП ЖКГ правяло “гарачую лінію”

У сярэдзіне кастрычніка жыхарам Сенненшчыны была прадастаўлена магчымасць звярнуцца на «гарачую лінію» па пытаннях гатоўнасці жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна да работы ў зімовых умовах, а таксама па праблемах абслугоўвання жыллёвага фонду. У рабоце «гарачай лініі» прынялі ўдзел галоўны спецыяліст Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Аляксандр Аўхукоў; галоўны інжынер  Сенненскага УП ЖКГ Сяргей Грыцаеў і інспектар па заявах УП ЖКГ Ніна Шыдлоўская.

Першай на нумар «гарачай лініі» патэлефанавала жыхарка вул.Кастрычніцкая г.Сянно Людміла Якаўлеўна Кацюба. Яна паскардзілася, што калонка, якой ёй найбольш зручна карыстацца (каля дома №80), доўгі час не працуе.

 Пытанне было ўзята на кант­роль. Жанчыне таксама прапанавалі  разгледзець магчымасць правядзення вады ў дом, у выпадку, калі Людміла Якаўлеўна захоча гэта зрабіць.

 Ніна Іванаўна Мацкевіч, якая пражывае ў доме №12 (кв.3) па вул. Назаранкі райцэнтра, задала адразу тры пытанні. У доме, дзе жыве жанчына, не прадугледжана забеспячэнне гарачай вадой. Ці нельга вырашыць гэту праблему, бо воданагравальнік спажывае шмат электрычнай энергіі?

 На жаль, як патлумачылі жанчыне, абсталяванне сістэмы падачы гарачай вады патрабуе мадэрнізацыі дома, што цягне вялікія грашовыя выдаткі, якія раённая жыллёва-камунальная гаспадарка пакуль не можа сабе дазволіць.

 Яшчэ Ніна Іванаўна прасіла памяняць старыя трубы, што размешчаны пад падлогай яе кватэры і падцякаюць, ствараючы вільгаць. Просьбу паабяцалі задаволіць, толькі ў наступным годзе, бо ў час ацяпляльнага сезону гэта рабіць немэтазгодна.

 Таксама жанчына пыталася, калі будзе праведзены капітальны рамонт дома, якому ўжо не адзін дзясятак гадоў. Адказ камунальшчыкаў не парадаваў: капітальны рамонт вышэйназванага дома ў перспектыўным плане да 2015 года не прадугледжаны.

 Жыхарка г.п.Багушэўск (вул.Школьная, д.2, кв.2) Кацярына Паўлаўна Папова паскардзілася, што, нягле­дзячы на пачатак ацяпляльнага сезону, у яе доме холадна. Нізкая тэмпература паветра і  ў пакоях Багушэўскай санаторна-аздараўленчай школы-інтэрната, дзе жанчына працуе выхавальніцай. Як патлумачыў начальнік вытворчасці г.п.Багушэўск Сенненскага УП ЖКГ Аляксандр Пруднікаў (з ім тэрмінова звязаліся па мабільным тэлефоне), хтосьці з жыльцоў дома, у якім жыве Кацярына Паўлаўна, перакрыў ваду ў сістэме ацяплення з-за працякання ў кватэры. Пасля ліквідацыі працякання, ацяпленне наладзіцца. Паабяцалі таксама разабрацца з прычынай дрэннага ацяплення аздараўленчай школы-інтэрната.

 Таццяна БУРАКОВА.