Кветкавы рай Будновых

Калі заязджаеш у вёску Полымя, адразу «кідаецца» ў вочы адзін незвычайны дом. Яго гаспадыня — Наталля Буднова — разам са сваёй сям’ёй даглядае яго і ўпрыгожвае, уносіць нешта новае ў дызайн і ландшафт свайго дзівоснага кветніка.

Калі закрылі школу ў Андрэйчыках Нямойтаўскага сельсавета, сям’я Будновых вымушана была пераехаць у іншае месца. Выбар спыніліся на вёсцы Полымя. Спачатку набыты дом быў звычайным — «шэрым», нецікавым — вакол яго рос быльнік. Але Наталля з мужам сур’ёзна ўзяліся  за яго добраўпарадкаванне.

— Не магу сказаць, што ў мяне шмат часу і заняцца няма чым, — прызнаецца жанчына. — Немалая гаспадарка, праца на пошце, сям’я… Аднак пачала вырошчваць розныя кветкі, спадабалася, а муж — выразаць і рабіць з дрэва і гумы розных птушачак, звяркоў. Пабудавалі і ўпрыгожылі веранду. Так    атрымаўся наш маленькі казачны куток.

Насенне кветак Наталля купляе сама ці заказвае праз часопіс. Наконт дызайну, якіх-небудзь крэатыўных ландшафтных ідэй раіцца з мужам, разам праглядваюць сайты ў Інтэрнэце.

Насамрэч у кветніку амаль няма пустога месца: усюды разнастайныя кветкі і дэкаратыўныя расліны, драўляныя буслікі і качкі, лебедзі і гумавы папугай, лялечныя слімакі і жучкі, ёсць  міні-сажалка і інш.

— Толькі шкада, што зараз восень: шмат кветак ужо адцвіло, — з сумам кажа Наталля. — Летам тут кветкавы рай.

Ірына ГАРБАЧОВА.

НА ЗДЫМКУ: Наталля Буднова з дачкой Камілай.