Звыш 600 чалавек прыняло ўдзел у Сенненскім марафоне памяці П.М.Машэрава

На цэнтральнай плошчы райцэнтра адбыўся  24-ты Сенненскі прабег памяці Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай працы, ураджэнца Сенненшчыны П.М.Машэрава.  І, нягле­дзячы на  халоднае восеньскае надвор’е, моцны вецер, удзел у ім прынялі звыш 600 чалавек.

Сянно ў гэты дзень вітала не толькі сваіх землякоў, прадстаўнікоў з раённых арганізацый, школьнікаў з усіх куткоў раёна, але і гасцей з іншых гарадоў, гарадкоў і абласцей краіны. Так, паўдзельнічаць у прабегу прыехалі спартсмены і аматары спорту з Дуброўна, Віцебска, Круглага, Мінска і г.д. На цырымоніі адкрыцця прабегу спартсменаў павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна. Зваротнае слова меў віцебскі госць, удзельнік прабегу Пётр Карніенка, двухкратны прызёр Еўропы па лёгкаатлетычным кросе сярод ветэранаў. Узняць флаг сёлетняга прабегу было даверана Аляксандру Кнацько, майстру спорту па біятлоне, і Галіне Васілёнак, пераможцы абласнога лёгкаатлетычнага кросу ў гэтым годзе.

 Пасля хвалюючых хвілін чакання, нарэшце, быў да­дзены старт. Пераможцаў і прызёраў на розных дыстанцыях і па розных узроставых групах, як заўсёды, чакалі грашовыя падарункі, дыпломы і вымпелы.

 Не засталіся незаўважанымі самы юны ўдзельнік прабегу Аляксандр Караткевіч (Сянно) і самы старэйшы (62 гады) — Анатоль Букавец (Віцебск).

  Пасля фінішу ўсе марафонцы маглі сагрэцца кубачкам гарачай гарбаты. Музычнае суправаджэнне прадставіў Дом культуры райцэнтра. Спартыўнае свята завяршылася на футбольным полі, дзе сустрэлі­ся сенненская каманда «Будаўнік» і глыбоцкая — «Азярцы». У скарбонцы нашай каманды чарговая нічыя : 2:2.

Ірына ГАРБАЧОВА.