Пяцікратнае шчасце Вольгі Руднік

Вася, Жэня, Рома, Максім, і самая маленькая Ірачка — вось «пяцікратнае» жаночае шчасце Вольгі

Руднік з в.Маргойцы (на здымку).

Яшчэ ў 90-х гадах мінулага стагоддзя Вольга Рафаэлаўна прыехала з Латвіі на Сенненшчыну. Ціхі маляўні­чы край адразу спадабаўся. Пасля школы атрымала прафесію повара 3-га разраду. Аднак працаваць па спецыяльнасці не давялося. Сёння Вольга Руднік — лепшая даярка жывёлагадоўчай фермы ў в.Полымя.

Чатыры гарэзлівыя хлапчукі, якія насіліся па вялікім адрамантаваным доме, гасцінна сустрэлі «незнаёмку» з райцэнтра. Толькі меншая Ірачка сціпла выглядвала з кута. «Дзяўчынку хлопчыкі шкадуюць, не крыўдзяць, хаця самі могуць, гуляючы, непаладзіць», — кажа, не зводзячы вачэй з доўгачаканай дачкі-прыгажуні, Вольга.

Старэйшы Вася ўжо ў пятым класе, Жэня ў гэтым годзе пайшоў у першы, трое меншых наведваюць дзіцячы сад. Ёсць і немалая гаспадарка, таму Вольгінай працавітасці, вытрымцы і сіле духу можна толькі пазайздросціць. Праўда, дапамагаюць усе: і сельскі Савет, і родныя, і суседзі, і муж. «І нават дзеці, — смяецца Вольга, — асабліва расставіць на стол посуд і… паесці клубніц».

Любіць у вольны час Вольга Руднік займацца вышываннем, у прыватнасці, калі была ў дэкрэтных адпачынках. Безумоўна, зараз на гэта не хапае часу, усё забірае сям’я.

У святы, асабліва ў дні наро­дзінаў, сям’я збіраецца разам за чаяваннямі з торцікам, які заўсёды прыносіць любімая бабуля Ганна Ва­сільеўна.

«Мамачка Воля» — дружна называюць сваю маці пяцёра яе дзяцей. І гэтыя шчырыя дзіцячыя вочкі, напоўненыя любоўю і цеплынёй да самага роднага чалавека ў свеце, не могуць не кранаць.

Ірына ГАРБАЧОВА.