Давайце пазнаёмімся

“Давайце пазнаёмімся”, — з такімі словамі звярнулася да жыхароў шматпавярховых  дамоў мікрараёна сельгастэхнікі вядучая сустрэчы педагог-арганізатар цэнтра пазашкольнай работы Алеся Цыва.

 Знаёмства з дзецьмі і дарослымі адбылося ў адзін са жнівеньскіх вечароў. Удзельнікі сустрэчы спачатку адказвалі на шматлікія пытанні на веданне казак, прымавак, скорагаворак. Трэба адзначыць, што дарослыя не саступалі рабятам і праявілі сваю эрудыцыю ў літаратурным турніры. Гэта быў першы, уступны этап.

 Далей усе з ахвотайпадзяліліся на дзве каманды, дарослых і рабят, і паказалі спрыт і здаровы азарт, удзельнічаючы ў рухомых гульнях. Назіраючы за ходам спаборніцтва, можна было ўбачыць жаданне дзіцячай каманды быць першай. А каманду дарослых можна было параўнаць з добрым чараўніком, які здзяйсняў мары дзяцей. Пасля кожнага пытання рабят “Чыя каманда перамагла?” бацькі, бабулі і дзядулі з каманды дарослых адказвалі: “Ваша, дзеці, ваша”. Эмоцыі апошніх суправаджаліся гучнымі “ура!”.

 Кульмінацыйным момантам сустрэчы было спаборніцтва паміж вядучай, якая прадставілася Канапушкай, і Сяргеем Фанонавічам Бадардзінавым — дзядулем траіх цудоўных унукаў, якія не толькі хварэлі за яго, але таксама прымалі актыўны ўдзел у дваровай сустрэчы.

 Вось што сказала ўнучка С.Ф.Бадардзінава аб гэтай падзеі:

 — Мяне завуць Вікторыя Карчэўская, я вучаніца першай Сенненскай школы. Мне вельмі спадабалася ўдзельнічаць у мерапрыемстве. Я ўдзячная сваім бабулі Любові Іванаўне і дзядулю Сяргею Фанонавічу, што яны выказалі жаданне і знайшлі час падтрымаць іпрыняць удзел у гульневых спаборніцтвах. Гэта нас яшчэ больш аб’яднала.

 — Я падтрымліваю сваю сястру, — падхапіў Андрэй Бадардзінаў, — і жадаю, каб такія сустрэчы адбываліся часцей.

 Аднагадовы Максімка Трубчанка, член гэтай сям’і, інтэрвью даць, зразумела, не змог. Ён толькі прыветліва махаў ручкай і пляскаў у свае маленькія далоні.

 Сябры Вікі і Андрэя Аляксей Зелянцоў, Арцем Камандышка, Артур Міцкевіч, Яўген Марчанка і Маша Мефадзіенка не жадалі развітвацца і папрасілі прыйсці да іх у наступны раз.

 Арганізатары сустрэчы “Давайце пазнаёмімся” паабяцалі, што абавязкова прыйдуць у  гэты цудоўны двор да вельмі прыветлівых і ўдзячных дзяцей і дарослых.

 Дарэчы, адна з сустрэч нядаўна адбылася ў аграгарадку “Багданава” . Яе для мясцовых рабят арганізавала таксама наш педагог-арганізатар Алеся Цыва, апрануўшыся ў яркі маляўнічы касцюм клоўна.