Такім ён хлопцам быў…

 Труну з целам нябожчыка паставілі ў кузаў ваеннага грузавіка. Машына кранулася. Следам у паветра ўзняліся ўсе верталёты яго эскадрыллі. Ад Цулукідзе, дзе базіраваўся верталётны полк, незвычайная працэсія рухалася да аэрадрома  ў Сухумі. Так сябры праводзілі ў апошні шлях свайго камандзіра, сябра і таварыша Міхаіла Прышчэпу, маёра Савецкай Арміі. Ён памёр праз паўгода пасля таго, як вярнуўся з афганскай вайны — не вытрымала сэрца.

 … Аб небе, а недзе ў глыбіні душы аб космасе, Міша марыў з дзяцінства. Яго кумірам быў Юрый Гагарын. Ён захапляўся  дзядзькам, братам бацькі — ваенным лётчыкам. Хлапчук з шырока расплюшчанымі вачамі слухаў  расказы, якія вызначылі яго лёс. Да сваёй мары Міша Прышчэпа ішоў мэтанакіравана.

 — У школе Міша вучыўся на “выдатна”. Яму ўсе, без выключэння, прадметы даваліся лёгка: матэматыка, фізіка, мовы. Ён выдатна маляваў. Аднойчы свой малюнак  даслаў на конкурс у “Піянер Беларусі”. І атрымаў выдатны водгук, — расказвае Людміла Радзькова, сястра Міхаіла Прышчэпы. — Пасля гэтага брат перастаў маляваць — зразумеў, што яшчэ адно захапленне можа перашкодзіць у дасягненні яго галоўнай мары.

 “Балотца” — такую мянушку меў Міша сярод вясковых хлапчукоў за тое, што бацькоўская хата стаяла недалёка ад балота, — быў заўзятым футбалістам, нефармальным лідэрам, як сказалі б зараз, сярод аднакласнікаў, узмоцнена займаўся сілавой падрыхтоўкай. Зрэшты, яго лідэрства трымалася  не на фізічных, інтэлектуальных перавагах. Мішу любілі, паважалі за  душэўныя якасці, за імкненне прыйсці на дапамогу кожнаму, хто меў у ёй патрэбу.

 Адзвінеў апошні школьны званок. Адгучалі акорды развітальнага вальса. Маючы атэстат з адзнакай аб заканчэнні Беліцкай сярэдняй школы, Міша Прышчэпа працаўладкаваўся рабочым на спіртзавод. Калі споўнілася 18 гадоў, ён паехаў у Віцебск, стаў курсантам аэраклуба, пазней —  Сызраньскага ваеннага авіяцыйнага вучылішча, якое ў 1972 годзе скончыў экстэрнам.

 З характарыстыкі лётчыка, малодшага лейтэнанта Савецкай Арміі Міхаіла Прышчэпы: “Лётную падрыхтоўку па ўсіх задачах засвойвае хутка, лёгка, замацоўвае трывала. Перапынкі ў палётах на якасці іх выканання не адбіваюцца. Палёты пераносіць лёгка. Страху, недахопу ўвагі і абачлівасці ў палётах не назіраецца. Лётных здарэнняў і перадумоў да іх не мае”.

 Не дзіўна, што ўжо ў 1976 годзе яму была прысвоена кваліфікацыя “ваенны лётчык І класа”. У 1982 — на яго рахунку 252 гадзіны 20 хвілін палётаў, на плячах — пагоны капітана; у 1985 колькасць гадзін налётаў вырасла да  467. Асвоена некалькі тыпаў баявых верталётаў, за плячыма служба ў розных гарнізонах. У тым ліку — за межамі СССР.

 Амаль кожны свой водпуск Міхаіл Прышчэпа праводзіць у роднай вёсцы. Прыязджае з сям’ёй. У яго падрастаюць сын і дачушка. Кожны раз у бацькоўскую хату малады афіцэр збірае аднакласнікаў, вяскоўцаў. Ён усё той жа Міша Балотца: гаварун, гумарыст і вельмі далікатны ў адносінах з людзьмі чалавек.

 — Міша не любіў вылучацца на агульным фоне. Ваенную форму ў водпуску апрануў толькі раз. Калі папрасіў бацька, — успамінае Людміла Радзькова.

 Вопыт, кваліфікацыю Міхаіла Прышчэпы камандаванне ваеннай часці, дзе ён служыў, выкарыстоўвала ў самых складаных сітуацыях. У пошукавых аперацыях,  пры складаных умовах надвор’я спрактыкаванага лётчыка не раз выручала  інтуіцыя.

 — Аднойчы Мішу тэрмінова адазвалі з водпуску (ён тады служыў у Казахстане). На Зямлю павінны былі вярнуцца касманаўты. Пасля прызямлення ўдзел у іх пошуках у казахстанскіх  стэпах прыняў мой брат, — зноў успамінае Людміла Радзькова. — Аперацыя зацягвалася, вынікаў не было. Міша, абследаваўшы свой квадрат, рашыўся зазірнуць за перыметр вызначаных пошукаў і не памыліўся.

 — З прызямленнем, — ужо праз некалькі хвілін вітаў ён касманаўта. Падзякаваўшы, той паабяцаў хадайнічаць перад камандаваннем аб заахвочванні лётчыка.

 — Як завуць, адкуль родам?

  Даведаўшыся, што яго знайшоў зямляк, Уладзімір Кавалёнак тут жа зняў з рукі гадзіннік і ўручыў яго Міхаілу Прышчэпу.

  А тым часам у Афганістане працягвалася вайна. Пабывалі на ёй многія саслужыўцы Міхаіла. Не раз прасіўся і ён сам, нягледзячы на тое, што здароўе стала даваць збоі. Да варыкознага  расшырэння вен дадаліся “нязначныя парушэнні кровазвароту і функцый абедзвюх галёнак”.  Аднак урачэбна-лётная камісія зрабіла вывад: годны да лётнай работы на ўсіх тыпах верталётаў. А галоўнае, Міхаіл Прышчэпа сам лічыў, што яго месца там, дзе ідзе вайна, дзе яго вопыт, уменне могуць прынесці карысць нашым салдатам.

— Мне пра вайну ён не расказваў. Казаў, не трэба табе ведаць пра гэта. Па тым, як шмат курыў, разумела — там шмат крыві, — расказваючы,Людміла Лявонаўна не стрымлівала слёз..

 У Афганістане верталётчыкі выконвалі вялікі аб’ём рознай работы: дастаўлялі і забіралі з пазіцый байцоў, падтрымлівалі іх у баях сваімі агнявымі сродкамі, карэкціравалі дзеянні самалётаў. Міхаіл Прышчэпа на сваім верталёце мог дазволіць многае. Напрыклад, налавіць рыбы ў горнай рачулцы. Такіх ювеліраў найчасцей  пасылалі на самыя складаныя баявыя заданні.

 …Падраздзяленне дэсантнікаў было блакіравана душманамі ў цяжка даступных гарах. Сярод байцоў было шмат параненых. Вырвацца разам з імі ў баяздольных салдат не было ніякіх шанцаў. Кінуць? Не…  І тады было прынята рашэнне вывезці параненых верталётам. Зрабіць гэта можна было толькі ноччу.  Днём машыну  непазбежна напаткалі б  “сцінгеры”. У цемры паўднёвай ночы на такі палёт быў здатны  толькі Міхаіл Прышчэпа.

 Зрабіць пасадку верталёт не мог. Машына магла апірацца на больш-менш роўную пляцоўку толькі адным колам. Каб падтрымаць яе ў раўнавазе, мала было па-майстэрску валодаць верталётам, спатрэбілася ўся моц Мішыных рук. За ноч Прышчэпа здзейсніў тры такія палёты, вывез усіх. Тады яго ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі.

 За той ваенны год  былі іншыя эпізоды. Слаўныя ці трагічныя — лётчыкі маральнымі прынцыпамі і ацэнкамі не карысталіся. Яны выконвалі сваю работу. Яны ваявалі супраць незразумела жорсткага ворага.

 …Міхаіла Прышчэпу пахавалі бацькі,  без афіцыйных цырымоній, на могілках роднай вёскі, выканаўшы тым самым апошнюю волю сына. Не стала ўжо на гэтым свеце і бацькоў. Магілу даглядае сястра. Іншы раз туды прыязджаюць жонка, сын і дачка са сваімі дзецьмі. А яшчэ заўжды — аднакласнікі, каб успомніць, каб помніць.

Аляксандр Лазюк.