“Дарога да святыняў”

Шлях 19-й Міжнароднай навуковаасветніцкай экспедыцыі «Дарога да Святыняў» з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, якая штогод праводзіцца напярэдадні Дня беларускага пісьменства, пралёг праз Багушэўск.

Удзел у ёй па традыцыі бралі як вядомыя дзеячы культуры, навукі, асветы, літаратары, акцёры, так і духоўныя асобы Беларускай праваслаўнай царквы. У дарогу экспедыцыя выпраўлялася з Мінска, са Свята-Духавага кафедральнага сабора, дзе Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Высокапраасвяшчэннейшы Філарэт уручыў паломнікам Непагасную лампаду Духоўнасці з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга і Адзігітрыю цудатворную Загор’е-Сталавіцкую ікону Пакрову Прасвятой Багародзіцы, каб яны пранеслі святыні, што захоўваюцца ў галоўным саборы Беларускай праваслаўнай царквы. Шлях экспедыцыі сёлета пралёг па Брэсцкай і Віцебскай абласцях.

На мяжы Сенненскага і Аршанскага раёнаў паломнікаў сустракалі намеснік старшыні райвыканкама Зоя Фаміна, старшыня Багушэўскага пасялковага Савета дэпутатаў Любоў Трубека і, зразумела, пан і пані Багушэўскія, іншыя ўдзельнікі самадзейных творчых калектываў гарадскога пасёлка. Яны віталі гасцей па народнай традыцыі хлебам і соллю, песнямі. Каравай хлеба прыняў Пётр Лысенка, вядомы археолаг, які займаўся раскопкамі старажытных Полацка, Бярэсця. Доктар гістарычных навук, прафесар, супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі мае непасрэднае дачыненне да Сянна. Перад Вялікай Айчыннай вайной яго бацька працаваў на Сенненшчыне ў МТС. Сям’я жыла ў райцэнтры. А Пётр Лысенка вучыўся ў школе, што «стаяла на беразе возера, ля капліцы».

Пасля кароткай сустрэчы ўдзельнікі экспедыцыі і гаспадары накіраваліся ў Багушэўск. Перад населеным пунктам Благадатны Агонь ад Гроба Гасподняга і Адзігітрыю экспедыцыі сустракалі пратаіерэй Мікалай Валачковіч, благачынны Сенненскага благачыння, іерэй Аляксей Пыцько, настаяцель Свята-Пятрапаўлаўскай царквы г.п. Багушэўска, прыха­джане, жыхары пасёлка. Сергій Гардун, галоўны захавальнік Благадатнага Агню, перадаў лампаду святарам.

Пачаўся хрэсны ход. Багушэўцы і ўдзельнікі 19-й экспедыцыі з хрысціянскімі святынямі, песнапеннямі прайшлі па вуліцах населенага пункта да плошчы ля адміністрацыйнага будынка пассавета, дзе адбыўся мітынг. Да прысутных звярнуліся Ніна Загорская, пісьменніца, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, кіраўнік экспедыцыі, Сергій Гардун, Аляксей пыцько, Зоя Фаміна, Любоў Трубека. Галоўны лейтматыў іх выступленняў — ёсць духоўныя, культурныя, гістарычныя каштоўнасці, якія з’яўляюцца святынямі, яднаюць людзей. Адной з такіх святыняў сталі пісьменства і кніга, якія на Беларусь прынесла хрысціянства. Менавіта таму экспедыцыя «Дарога да Святыняў» штогод ладзіцца напярэдадні Дня беларускага пісьменства, а завяршаецца яна ў тым горадзе, дзе гэтае свята праводзіцца. Экспедыцыя кожны раз мае розныя маршруты, што дазваляе павысіць значэнне мясцовых святыняў, уключыць іх у сістэму каардынат нацыянальных, агульнахрысціянскіх, агульначалавечых каштоўнасцей.Вынікам агульнай працы ўдзельнікаў экспедыцыі стаў Райскі Сад. Ён высаджваецца на Святым полі каля вёскі Загор’е Сталавіцкага сельсавета Баранавіцкага раёна. Сады Малітвы высаджваюцца ва ўсіх населеных пунктах, па якіх пралягае маршрут экспедыцыі, у гарадах, дзе праводзіцца Дзень пісьменства. Удзельнікі экспедыцыі, мясцовыя жыхары пасадзілі ў Багушэўску 19 туй, якія прывезлі, дарэчы, з Глыбокага.

Пасля завяршэння мітынгу яго ўдзельнікі накіраваліся ў мясцовы храм, каб унесці Непагасную Лампаду з Благадатным Агнём. Адбыўся малебен.

Пакуль мітынг і малебен працягваліся, частка ўдзельнікаў экспедыцыі мела магчымасць сустрэцца з мясцовымі аматарамі музыкі, літаратуры. Аўдыторыю для сустрэч прадаставіла СШ № 1 Багушэўска.

Беларусі, якая знаходзіцца на перакрыжаванні галоўных еўрапейскіх дарог, і яе народу, які не абышло ні адно ліхалецце, давялося вынесці шмат выпрабаванняў, у тым ліку духоўных. Але мы захавалі свае нацыянальныя адметнасці; вылучаемся сярод сусе­дзяў спагадай і дабрынёй, не кінулі бацькоўскай веры. Экспедыцыя «Дарога да Святыняў» і яе мерапрыемствы садзейнічаюць умацаванню нашага адзінства, паразуменню з суседзямі.

Аляксандр ЛАЗЮК.