Вёска Алексінічы Сенненскага раёна справіла сваё 500-годдзе

Свята вёскі Алексінічы сабрала ўсіх: і старых, і малых, і людзей сярэдняга ўзросту. Аб маючым адбыцца мерапрыемстве вяскоўцы ведалі загадзя. пры запрашэнні на свята арганізатары рабілі  фотаздымкі, якія ў якасці сувеніраў абяцалі ўручыць пры правядзенні тэатралізаванага дзейства. Са святам вёскі павіншаваў прысутных старшыня Студзёнкаўскага сельвыканкама Васіль Бараноўскі.

Ля вытокаў

 Летапіс роднай вёскі прыгадала Марына Гарнак, бібліятэкар. Некаторыя абарыгены, асабліва маладзейшага пакалення, са здзіў­леннем даведаліся, што вёска ў гістарычных  крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1512 годзе. Належала да маёнтка  Палонна  Віцебскай зямлі. У розныя часы Алексінічамі валодалі князі Хадкевічы, Сапегі. Апошнія ў 1594 го­дзе прадалі чацвёртую частку вёскі з прыселкам Зямковічы шляхцічам Стаброў­скім «сь людьмі стародавно оселымі, зо всімь на всё,… з ловы звьерінымі пта­шімі, з гоны бобровы­мі… з службамі  і повінностямі подданых, з даншче грошовымі і медовымі»…

 У пачатку ХХ стагоддзя Алексінічы належалі да Пустынкаўскай воласці Сенненскага павета. У  вёсцы было 836 жыхароў, 137 дамоў, праваслаўная царква.

 Школа спачатку знаходзілася ў вёсцы Шыпы. У 1897 годзе пераведзена ў Алексінічы. Першымі настаўнікамі служылі Даўгаполава і Казырская.

 Алексінічы — радзіма вучонага М. М. Піятуховіча  (1891-1938), беларускага крытыка і літаратура­знаўцы, аўтара артыкулаў пра Скарыну, Багушэвіча, Коласа, Багдановіча. У 1928 годзе ім была выпушчана кніга «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры».

Паўсталі з руін

 Да нядаўняга часу  Алексінічы былі цэнтрам  аднайменнага сельскага Савета і калгаса «Запаветы Ільіча».  у выніку рэарганізацыі ўвайшлі ў Сту­дзёнкаўскі сельсавет. Зараз у вёсцы  працуюць сярэдняя школа, сельскі клуб, бібліятэка, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі, магазін, ФАП.

  Ёсць брацкая магіла з помнікам, дзе пахаваны 138 савецкіх салдат, якія загінулі ў канцы чэрвеня 1944 года пры разгроме групоўкі нямецка-фашысцкіх войск у раёне Багушэўска, і 73 партызаны.

  На месцы сённяшніх брацкай магілы і помніка загінуўшым змагарам з фашызмам, у гады вайны знаходзіўся дзот (дрэва-земляны агнявы пункт), дзе размяшчаліся паліцаі. Гэта ўмацаванне было разгромлена пар­тызанамі. У адплату карнікі спалілі вёску. Але пасля вайны яна зноў паўстала з руін і папялішчаў…

Галоўны здабытак —  людзі

 Кожная вёска мае свае адметнасці, традыцыі, але галоўны здабытак — людзі, якія тут нарадзіліся і тут жа спатрэбіліся. У вёсцы нара­дзіліся, працавалі,  нарадзілі і вырасцілі дзяцей, унукаў, а зараз дапамагаюць ставіць на ногі праўнукаў Зінаіда Паўлаўна Жагуловіч, Клаўдзія Іо­сіфаўна Шарамета, Варвара Ягораўна Сліжова, Любоў Ягораўна Крамко, Ніна Адамаўна Акулава, Пётр Кірылавіч Хацяшоў, Клаў­дзія Сямёнаўна Прымак, Клаўдзія Антонаўна Рабушка, Ніна Сцяпанаўна Сімановіч, Дзмітрый Сямёнавіч Дуранкоў.

 У час правядзення свята вёскі памятны сувенір і кветкі ўручылі самай старэйшай  жыхарцы — Варвары Ягораўне Сліжовай. У яе гонар вакальная група Студзёнкаўскага сельскага клуба выканала песню «Вёсачка мая», а ўдзель­нікі групы «Гарэзы» — танец «Карабейнікі».

 З гонарам за іх ратныя і працоўныя справы ўспаміналі ветэранаў вайны і працы. На жаль, жывых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы ўжо не засталося. Аднак іх імёны назаўсёды застануцца ў сэрцах і душах удзячных патомкаў. Мінутай маўчання ўшаноўвалі памяць Анатоля Мікалаевіча Падалінскага, Васіля Дзямідавіча Рабцава, Андрэя Ягоравіча Дварака, Пятра Фёдаравіча Бяляева, Івана Данілавіча Крэмкі.

Жыццё працягваецца

 Але жыццё працягваецца. Арганізатары свята, аднавяскоўцы,  госці заезджыя і госці званыя, ды жаданыя радасна і ўрачыста віталі Яну Івоня, самага маленькага члена вялікай алексініцкай сям’і, і яе маму Іну Уладзіміраўну. А ў іх асобе найлепшыя пажаданні гучалі ў гонар усіх малышоў сельсавета, якія пабачылі свет у гэтым годзе.

 У праграме свята былі намінацыі: «Першакласнікі» і «Маладосць». Гучалі пажаданні, каб маладыя людзі, куды б не закінуў іх лёс, ніколі не забывалі дарогу да бацькоўскага парога, малую сваю радзіму, якой так патрэбны моцныя і руплівыя рукі для працы на зямельцы-карміцельцы… Каб сучаснае пакаленне стала дастойным пераемнікам лепшых працоўных традыцый сваіх бацькоў.

 Усім алексінічанам  добра вядома імя Васіля Шэймы. У свой час ён працаваў старшынёй калгаса «Запаветы Ільіча», старшынёй Алексініцкага сельскага Савета дэпутатаў. Гэтыя гады былі часам росквіту сацыяльна-культурнай сферы вёскі. Зараз Ва­сіль Мікалаевіч на пенсіі. Але і сёння ён не сядзіць склаўшы рукі: старэйшына вёскі, рыбалоў, пчаляр, садавод. Такіх смачных ігруш, яблыкаў, сліў,  як у яго садзе, трэба яшчэ пашукаць.

Гонар вёскі

 З гонарам называліся прозвішчы некалі вядомых не толькі ў раёне, але і за яго межамі людзей. Імя Аркадзя Пятровіча Шыбекі — механі­затара-камбайнера, які за высокія паказчыкі ў працы быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, імя Леніна, шмат­лікімі Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Прэзідыума рэспубліканскага Савета прафесій­ных саюзаў, — занесена ў Кнігу народнай славы раёна.

 Славіліся працоўнымі дасягненнямі ў свой час механізатары  Пётр Нікіфаравіч Ткачэнка, Дзміт­рый Сямёнавіч Дуранкоў, Аляксандр Апанасавіч Барсукоў; жывёлаводы Клаўдзія Сямёнаўна Прымак, Вера Фёдараўна Дварак, Клаўдзія Сцяпанаўна Цуран і інш.

 Сёння іх традыцыі працягваюць Ула­дзімір Міронька, Віктар Ціцюеў, Наталля Атрашкевіч, Пётр Пашкевіч, Валянціна Кузняцова, Эдуард Шыбека, Валерый Сокалаў і многія іншыя.

 Алексініцкая зямля багата не толькі знакамітымі працаўнікамі, але і талентамі, майстрамі. Прысутныя пазнаёміліся з выстаўкай народнай творчасці, аўтарамі якой з’яўляюцца Зінаіда Кірылаўна Калі­ноўская,  Людміла Сямёнаўна Міронька і Фаіна Міхайлаўна Дзюкава.

  У Алексінічах сёння пражывае 105 сем’яў. Аднак самых высокіх павагі і гонару былі ўдастоены шмат­дзетныя сем’і Эдуарда Шыбекі і Святланы Мялешка, дзе выхоўваюцца па трое дзяцей. Асобныя віншаванні прымала сям’я Аляксандра Канстанцінавіча  і  Валянці­ны Сяргееўны Гопа. У іх двое сваіх дзяцей і трое прыёмных (пасля трагічнай гібелі сястры Валянціны Сяргееўны)…

 Яшчэ доўга пела і плясала вёска. Аднавяскоўцы з непадробнай шчырасцю дзякавалі за змястоўны адпачынак загадчыцы Алексініцкага сельскага клуба Сняжане Ткачэнка і ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці  Людміле  Кузняцовай, заезджым артыстам.

Міхаіл БЯЛОЎ.

 

Усе матэрыялы нумара чытайце ў “ГС” №64 за 14 жніўня 2012 года