Эх, Сямёнаўна…

Вёсачка Міцюкова размясцілася прыкладна за 30 кіламетраў ад райцэнтра і адносіц­ца да Какоўчынскага сельсавета. Сумежная дарога цягнецца ўздоўж разбітай вясковай вуліцы, у канцы якой мяне ўжо чакалі…

Былая настаўніца пачатковых класаў, Ганна Сямёнаўна Мірановіч, ветліва сустрэла «госцю з горада». Нягледзячы на немаладыя гады, розныя «ўзроставыя балячкі», яна жвава пачала гаворку. безумоўна, былая праца патрабавала падобных зносін. Усё жыццё Ганна Сямёнаўна прысвя­ціла асвеце, адукацыі дзяцей…

 Дзяцінства

 Гісторыя яе жыцця, напэўна, падобная на шматлікія лёсы людзей таго пакалення…

 — 1937 год… Бацька працаваў на чыгунцы, як зараз памятаю, ездзіў на белым кані, — усхвалявана пачала субяседніца. — Кулакамі мы ніколі не былі, бацька быў са шматдзетнай сям’і, усё жыццё непасільна працаваў. Вось толькі ў калгас не ўступаў. З-за гэтага, пэўна, без суда і следства, па даносу аднавяскоўца Сідара, які крыху варагаваў з бацькам, яго забралі на «чорным воране» — і, як камень у ваду… Маці тады ў бліжэйшых вёсках сабрала шмат подпісаў у доказ яго невінаватасці, але было позна… Спачатку пісаў нам лісты з Урала, затым з Каўказа, дзе будавалі ваенна-грузінскую дарогу, потым прапаў… Пасля вайны на нашы запыты пра бацьку, паведамілі, што яго рэабілітавалі…

 У 1944-м пасля вызвалення нашых мясцін ад немцаў, Ганна Сямёнаўна страціла і маці, якая памерла ад брушнога тыфу.

 — Мама марыла стаць настаўніцай, але ў той час «саслоўе» не дазваляла. Закончыўшы толькі 4 класы, на памяць расказвала нам Пушкіна, Крылова, Някрасава. Асаб­ліва запомнілася някрасаўская «Несжатая полоса».

 Так наша гераіня з меншым братам Сямёнам сталі сіротамі. Адзіным выратаваннем быў родны дзед. Каб не забралі  ў дзіцячы дом, яны прасіліся: «Дзядулечка, міленькі, не аддавай нас у дзетдом, мы будзем цябе слухацца!». Абяцанкі заўсёды прытрымліваліся. Працавалі шмат.

 Аднойчы малы Сямён на валах скарадзіў поле. Пэўна, нешта не тое зрабіў, падбег да яго той даносчык Сідар і моцна набіў хлопчыка. На што той  адказаў: «Ведаеш, дзядзька, вырасту я і ўсё табе ўспом­­ню: і бацьку, і сябе!». Пасля гэтага сусед не чапаў хлопца.

 — Памятаю, як дзед Піліп усё прыгаворваў: «Ах, каб цябе пранцы елі!». Што значаць гэтыя яго «пранцы», я і сёння не ведаю. Прыгадваю, як зусім стары (больш за 90 гадоў пражыў), з доўгай сівой барадой, ён выглядваў з-за печы і сачыў за намі, вучыў нас… Добры дзед быў, — з сумам успамінае Ганна Сямёнаўна.

 Ажыццявіла мару маці

 Ганна пайшла вучыцца. Спачатку ў вёску Шыбекі, куды даводзілася кожны дзень хадзіць больш за 10 кіламетраў. Потым — у Пацкава, затым — «па хатах» у Васількова. «Устанем рана, ідзём-ідзём і ўсё роўна спознімся», — успамінае Ганна Сямёнаўна.

  — Прыйшла пара вызначацца з будучыняй, — працягвае яна. — А тут прыехаў мой стрыечны брат Пятрок. Спачатку думала заставацца ў калгасе, вывучыцца на агранома. Але Пятрок запярэчыў: «Не раю дзяўчатам ісці ў аграномы». У чыгуначны — з чарчэннем тугавата, у медыцынскі — крыві баюся. Засталося адно — педагагічнае вучылішча. Так мару маці я і ажыццявіла.

 Час быў складаны… Дзяўчына з братам, дзедам дзерлі лазу, сушылі яе, здавалі. Яшчэ сёння Ганна Сямёнаўна ўсё памятае: як за кілаграм сушанай лазы давалі 10 капеек; як, назбіраўшы колькі грошай, паехала ў Оршу купляць сабе туфлі; як у наіўнай дзяўчыны скралі гэтыя цяжка заробленыя грошы; як з гора наўзрыд плакала і, каб не сяброўка, утапілася б у Аршыцы. «Думала, што не перажыву, шкада грошай, ды і босая, голая хадзіла!»— са слязамі ўспамінае жанчына.

 Усе гады вучобы ў Аршанскім педагагічным вучылішчы старанная дзяўчына  атрымлівала стыпендыю, якой ледзь хапала, каб заплаціць за здымную кватэру, прыехаць дамоў, купіць сшыткі і ручкі. Выратоўвала зноў тая ж лаза, уласны агарод. Калі не было куска хлеба, хадзіла мыць падлогу за рубель да «заможных».

 — Аднойчы гарадская аднагрупніца сказала, што я апранаюся, як старая баба. Колькі слёз было, крыўды на яе, на лёс. Дапамог  зноў  стрыечны брат Пятрок: купіў паліто, тканіну для пашыву сукенкі. З’явілася вопратка, каб апранацца на «адкрытыя» ўрокі.

 Пасля заканчэння ў 1951 го­дзе педвучылішча Ганну Сямёнаўну разам з усёй групай накіравалі ў Брэсц­кую вобласць. У Бярозаўскім раёне 9 гадоў яна вучыла дзяцей, але на маленькую радзіму цягнула заўсёды. Неяк, калі была дома ў водпуску, старшыня калгаса сказаў, што ў Міцюкоўскай пачатковай школе вызваляецца адна вакансія: «Мы хуценька — «на каня», паехалі ў Сянно». Пабачыўшы значок «Выдатнік народнай асветы БССР», ёй без ваганняў прапанавалі месца. Адпускаць з Брэстчыны Ганну Сямёнаўну не хацелі, бо была яна на добрым рахунку. Нават цяпер не страціла сувязі з былымі калегамі, сяброўкамі па вучобе.

 З 60-га года і да выхаду на заслужаны адпачынак Ганна Сямёнаўна выкладала ў пачатковых класах школы вёскі Міцюкова. Выйшла замуж, нарадзілі­ся дзеці, працавала на ўласным падворку. Сваёй дабрынёй і шчырасцю дапамагала людзям. І сёння гатова параіць, аддзячыць добрым словам, аддаць апошнюю кашулю, бо памятае, як цяжка было тады, у дзяцінстве і маладосці.

Ад бабулі — унукам

 А яшчэ Ганна Сямёнаўна — майстрыха на ўсе рукі. У хаце ўпрыгожваюць мэблю, абразы вышываныя ручнікі, абрусы, сурвэткі.  Шмат прыгожых рэчаў майстрыха аддала родным, знаёмым: баіцца, каб не скралі. Сёння жанчыне — 83 гады, і яна ўжо не вышывае: «Старання гэта занятак патрабуе, ды і зрок падво­дзіць!». А  навучылася яна гэтаму майстэрству яшчэ ў маладыя гады, на той далёкай Брэстчыне. Сваіх унучак Ганну і Юлю таксама прыцягнула да вышывання.

 Эпілог

 — Зараз старому чалавеку вельмі цяжка аднаму ў вёсцы, — сумна кажа былая настаўніца. — Канешне, дапамагаюць дзеці, унукі, але жывуць яны  ў Віцебску. Дзякуй богу, што ёсць на свеце добрыя людзі — гэта мае суседзі. Асабліва — мая сяброўка, Ніна Мікалаеўна Акулёнак, якая кожны дзень наведваецца да мяне, прыносіць пачастункі, дапамагае па гаспадарцы, выклікае «хуткую». Сама яна таксама са шматдзетнай сям’і, такую ж і сваю сям’ю выгадавала. Працавітая і чалавечная…

 Некалькі гадоў таму Ганна Мірановіч пахавала мужа, унука, таго адзінага роднага брата Сямёна, які быў вельмі здольны да навук, асабліва матэматыкі: «у яго была фенаменальная памяць». Толькі з-за  ён кінуў вучыцца. Былая настаўніца плакала, калі ўбачыла партрэт Сямёна, лепшага трактарыста: «А мог стаць вялікім чалавекам…».

 Але нават зараз Ганна Сямёнаўна не страціла аптымізм. Менавіта ён дапамагаў пераадольваць жыц­­цёвую рэчаіснасць.

 Ірына ГАРБАЧОВА.