З 19 эканамічных паказчыкаў на Сенненшчыне выкананы толькі 3

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта дадзена ацэнка работы арганізацый раёна за першае паўгоддзе гэтага года.

Трэба сказаць, што яна не вельмі пахвальная: з 19 устаноўленых паказчыкаў выкананы толькі тры. Гэта ўвод у эксплуатацыю жылля і два паказчыкі па знешне эканамічнай дзейнасці. Даручана ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку прыцягнуць да адказнасці пасадавых асоб, вінаватых у невыкананні даведзеных заданняў, прыняць меры па выпраўленні становішча па выніках дзевяці месяцаў.

 Няма сэнсу падрабязна спыняцца на ўсіх кантралюемых прагнозных паказчыках, бо раз за разам перад дзеясловам будзе ставіцца часціца «не». Таму засяродзім увагу на асноўных.

 Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі арганізацыямі, асноўным відам эканамічнай дзейнасці якіх з’яўляецца вытворчасць прамысловай прадукцыі, у агульным аб’ёме склала ўсяго 0,04 працэнта. Рэнтабельнасць прадаж у прамысловасці атрымалася мінусавой. На заданне ў 11 працэнтаў не выйшла ні  адно прадпрыемства: ААТ «Сенненскі льнозавод» –  рэнтабельнасць прадаж «мінус» 49,1%; УП ЖКГ — «мінус»1%; КУПБА «Прэстыж» — «плюс» 6,5%. Прычыны невыканання паказчыка, напрыклад, на ААТ «Сенненскі льнозавод» ляжаць на паверхні: вытворчасць адной тоны льновалакна каштавала 45,5 тысяч рублёў пры сярэдняй цане рэалізацыі 28,1 тысячы рублёў. Значна падраслі цэны на сыравіну і матэрыялы, паліўна-энергетычныя  —  у 2,1 раза. Затраты на вытворчасць прадукцыі ўзняліся ў 2,5 раза.

 Па стану на 1 чэрвеня крэдыторская запазычанасць дасягнула 319,6 мільярда рублёў, у тым ліку пратэрмінаваная — 12,7 мільярда рублёў, або да пачатку года павялічылася адпаведна на 24,3 і 2,6 працэнта. Дэбіторская запазычанасць склала 32,7 мільярда рублёў, таксама вырасла ў параўнанні з лічбамі, што былі на пачатак года.

 Заданне па тэмпах росту вытворчасці валавай прадукцыі ў першым паўгоддзі таксама правалена. Прадукцыі раслінаводства па раёне атрымана толькі 94,5 працэнта, жывёлагадоўлі  — 103,1 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года. Самае значнае зніжэнне вытворчасці дапушчана ў ДП «Саўгас імя Машэрава» (75,4 працэнта), КУСГП імя Гараўца (84,3), ААТ «Бяленева» (97,7), ААТ «Какоўчына» (98,8), ААТ «Кругляны» (99,3 працэнта) да мінулага года.

 Рэнтабельнасць прадаж  — паказчык, які характарызуе эфектыўнасць сельгасвытворчасці, склаў 3,9 працэнта пры заданні 10.

 У студзені-чэрвені на развіццё эканомікі раёна накіравана 56,4 мільярда рублёў інвестыцый у асноўны капітал (65,5% да 2011г.). у іх структуры найбольшую вагу займаюць будаўніча-мантажныя работы і затраты на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў.

 Аб’ём інвестыцый, што паступіў ад замежных інвестараў склаў 87,3 тысячы долараў ЗША пры прагнозе 500 тысяч.

 Скарочаны аб’ёмы экспартных паставак: прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «Аскадрэў» з-за адсутнасці сертыфіката на лесапрадукцыю з сакавіка бягучага года спыніла адгрузку лесаматэрыялаў на экспарт (адгрузка ідзе толькі на ўнутраны рынак),  ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» таксама знізіла пастаўкі.

 Геаграфічнае размеркаванне знешняга гандлю наступнае: з агульнага аб’ёму экспарту раёна на долю Расіі прыпадае — 53,9%, краін ЕС (Латвія) — 46,1%; імпарт з Расіі складае 95,8% агульнага аб’ёму, Італіі  — 4,2%.

 На вялікі жаль перавышэнне імпарту над экспартам у 2,7 раза прывяло да ўтварэння адмоўнага сальда ў суме 295,5 тыс. долараў ЗША. Зменшыўся і экспарт паслуг у краіны СНД.

 Рознічны тавараабарот праз усе каналы рэалізацыі за паўгодзе склаў 145,1 мільярда рублёў (102% да аналагічнага перыяду мінулага года). Аднак заданне не выканана. Нізкімі тэмпамі нарошчваецца тавараабарот прадпрыемстваў грамадскага харчавання.

 Колькасць занятых у эканоміцы склала 10792 чалавекі супраць 11200 — летась. Узровень  беспрацоўя — 0,7 працэнта. За паўгода створана 55 новых рабочых месцаў, у тым ліку 9 за кошт  сродкаў фонда сацыяльнай абароны насельніцтва.

 Сярэдняя заработная плата па раёне склала 2380,7 тысяч рублёў і вырасла супраць мінулага года ў 2 разы.

 У студзені-маі не дасягнулі 200-х доларавага ўзроўню заработнай платы пяць арганізацый: КУСГП імя Гараўца, ААТ «Пурплева», УП «Насенняводчы саўгас імя Данукалава», ПУП «Сенненскія прамтавары», «Саюздрук».

 За паўгодзе даходная частка бюджэту раёна выканана ў аб’ёме 86,9 мільярда рублёў. На 63,4 працэнта бюджэт быў датацыйным. Расходы бюджэту склалі 56,1% ад гадавых планавых назначэнняў.