Чыя зямля? Чыё возера?

Раніцай выхаднога дня я ратавала дзікіх качак, а заадно спрабавала разабрацца ў праблеме суіснавання насельнікаў прыроды і чалавека на асобна ўзятым вадаёме.

Гэтая тэма ўжо закраналася на старонках «Голасу Сенненшчыны» ў №47  ад 16 чэрвеня. Нагадаем яе.

Качыная гісторыя

 На штучнай сажалцы ля вытворчага цэха «Сенненскі» Аршанскага МК  з нядаўняга часу пасяліліся дзікія качкі. Для жыхароў найбольш блізкай да вадаёма вуліцы Камсамольскай такое суседства прыносіць і радасць, і клопат. Радасна назіраць за жыццём качынай сям’і. Разам з тым, цяжка думаць, што кожны дзень яна падвяргаецца небяспецы, якая зыходзіць зусім не ад драпежных жывёл, а ад спраў рук чалавечых.

 Качкі любяць адпачываць па краях  рэгулятара ўзроўню вады, аднак жоўтадзюбых птушанят струмені штораз скідваюць уніз. Выбрацца самастойна (пакуль не сталі на крыло) яны не могуць, калі б не чулыя людзі, якія выцягваюць малых звычайным кошыкам прывязаным да вяроўкі. Надзея Шарэнда такім чынам не ўпершыню выратоўвае сваіх «падапечных» з палону. Вырашыць праблему дапамагла б  сетка, якая  б перакрыла птушкам доступ да небяспечнай упадзіны. Усталяваць яе пасля звароту рэдакцыі (у чэрвені) паабяцаў дырэктар цэха Аляксей Лавіцкі.

 У ліпені ўсё паўтарылася, бо абяцанай сеткі на збудаванні так і не з’явілася.

 На наш паўторны запыт кіраўніцтва вытворчага цэха апраўдвалася: памыліліся з вадаёмам, сеткамі абсталявалі ачыстныя збудаванні, а пра той, што (лічы) пад носам, не падумалі, але паабяцалі недагляд выправіць. 

 Магчыма, ёсць рэзон сеткай зацянуць не толькі бакавіны, але і верх, бо вадаём прыцягвае нямала дзятвы. Да бяды не далёка.

Нічыйная зямля шукае гаспадара 

  Памятаю, з якім задавальненнем жыхары вуліц Чкалава, Міру, Камсамольскай, Алімпійскай плёскаліся ў чысцюткіх водах і загаралі на бетонных берагах штучнага «возера». Здавалася, будучыня вадаёма — стаць яшчэ адным выдатным месцам адпачынку. Рэчаіснасць — зарослая бур’янам і раскай сажалка, прыцягваючая да сябе хіба аматараў распіцця алкагольных напояў на свежым паветры. А яе воды ператварыліся ў сметніцу. Падчас «выратавальнай» аперацыі толькі з дна рэгулятара ўзроўню вады жыхары выцягнулі нямала смецця: старыя дошкі, металалом, мяхі з бутэлькамі. Усё гэта, да слова, перакрывала выхад вады ў канаву. Ды і аб існаванні апошняй сведчылі хіба толькі ўспаміны старажылаў. Канава цалкам знікла ў пустазеллі і лазняку. І гэта пры тым, што вадаём мае статус гідразбудавання, а значыць, патрабуе належнага догляду. У прыватнасці, работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм (на балансе якога ён знаходзіцца) павінны ачышчаць вадаём ад заглейвання і залішняй воднай расліннасці, як мінімум раз у год абкошваць прыбярэжную тэрыторыю. Пакуль што касу ў рукі бралі толькі мясцовыя жыхары.

 Тэму працягнуў тэлефонны званок у рэдакцыю ад жыхаркі вуліцы Заводскай. Жанчыну турбавалі зарослыя берагі возера Тухінскага. На вадаёме ёсць пляж, абуладкаваны раздзявалкамі, сходамі, стаянкай для транспарту. Дарэчы, блізкасць аўтатрасы да зоны адпачынку і колькасць машын з’яўляецца галоўным «мінусам» для матуль з дзецьмі, якія вымушаны шукаць больш зацішнае месца. Так, насельнікі бліжэйшых вуліц аблюбавалі для сябе бераг з боку АТП №20. Праўда, ісці да яго прыходзіцца літаральна праз травяныя джунглі.

 — У нас на балансе 82 водных аб’екты. Добраўпарадкаваць усе — справа нерэальная. Ёсць спецыяльныя месцы, прызначаныя для купання і адпачынку, яны рэгулярна даглядаюцца. Падабаецца іншае месца? Магчыма, і самім варта прыкласці намаганні па яго добраўпарадкаванні, — лічыць галоўны спецыяліст раённай інспекцыі аховы прыроды і навакольнага асяроддзя Валерый Макарэвіч.

 Праблема «нічыйнай» зямлі ў Сянне актуальная. Дастаткова збочыць з цэнтральных вуліц, як трапляеш у іншы свет — свет дзікай прыроды. Дзе знайсці адказнага за грамадскія пусткі, канавы, сажалкі ды скверы, якія з кожным годам усё больш заваёўвае пустазелле. А гэта, між іншым, шкодзіць не толькі эстэтычнаму абліччу горада, але і нясе небяспеку распаўсюджвання баршчэўніку.

 Валерый Пятровіч упэўнены, што «раслінную» вайну мы прайграем з-за нашай абыякавасці. Праца па знішчэнні баршчэўніку вымагае пастаянства, а не адзінкавых дзеянняў.

 Віцебская вобласць — адна з лідэраў у Беларусі па плошчы, занятай баршчэўнікам. І наш раён робіць «неблагі» ўнёсак у сумнае першынства, нягледзячы на прымаемыя раённымі ўладамі  меры па яго знішчэнні як механічнымі, так і хімічнымі сродкамі. Толькі сёлета на барацьбу з ім выдаткавана 30 млн рублёў.

 Аднак 80% поспеху ў барацьбе, сцвярджаюць спецыялісты, — гэта належны догляд тэрыторыі, весці які трэба да з’яўлення баршчэўніку.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.

P.S. Чарговым адрасам «пражывання» баршчэўніку ў Сянне рызыкуе стаць сквер, разбіты ў гонар 90-годдзя ЛКСМБ па вуліцы Карла Маркса.