Усё, што вы хацелі ведаць пра возера Сенненскае
Тэрыторыя Сенненскага раёна характарызуецца высокай азёрнасцю, рачной гушчынёй. Па даных раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ў раёне налічваецца 62 возеры, сярод якіх самыя вялікія — Сенненскае — 337 га, Бярозаўскае — 295 га, Кічына — 192 га, Серакаратнянскае — 175 га, Багданаўскае —130 га, Ліпна — 126 га. Азёр з плошчай звыш 5 га — 40, іх агульная плошча складае 1850 га.
Асаблівы інтарэс выклікае возера Сенненске. Яно адносіцца да басейна ракі Крывінка (левы прыток Заходняй Дзвіны, які мае і іншыя вядомыя назвы: Крывінка і Ніжняя Крывінка), знаходзіцца на ўскраіне горада Сянна.
Максімальныя глыбіня і шырыня Сенненскага возера — 31,5 м і 0,92 км адпаведна. Даўжыня — 6,03 км, аб’ём вады — 26,8 млн куб.м. Катлавіна возера дзеліцца на глыбакаводны (паўднёвы) і мелкаводны (паўночны) плесы. Схілы катлавіны маюць вышыню да 21 м, умерана крутыя, суглініста-супясчаныя, у шматлікіх месцах раздзеленыя лагчынамі. Берагавая лінія мае даўжыню 18,9 км. Паўночны бераг вышынёй да 0,5 м забалочаны, зліваецца са схіламі. Астатнія берагі крутыя, зарослыя травой і хмызняком.
Возера мезатрофнае. Зарастае не вельмі хутка. Шырыня паласы надводнай расліннасці дасягае 50 м. Падводная расліннасць распаўсюджваецца да глыбіні 2,5 м.
У возера ўпадаюць 4 ракі, 17 ручаёў, у тым ліку з возера Кулікоўскае. З возерам Багданаўскім злучана пратокай.
Сярод відавога складу мікрафітаў у прыбярэжнай зоне дамініруе трыснёг і чарот, сустракаецца аер, рагоз, хвошч. Паласа паўпаглыбленых раслін у асноўным складаецца з жоўтых і белых гарлачыкаў. Паглыбленыя расліны прадстаўлены ўрэчнікам, рагаліснікам, эладэяй канадскай, харавымі, разаком.
Возера даволі багатае на рыбу. Склад іхтыяфауны — ляшчова-судаковы. Акрамя таго, сустракаюцца вугор, лінь, краснапёрка, шчупак, акунь, плотка, карась, рак і інш.
Цікавасць прадстаўляе і возера Вялікае Святое, якое размяшчаецца ў басейне ракі Свячанка, плошча люстра — 77 га. Возера мае запас сапрапеляў сярэдняй магутнасцю 7,6 м, якія валодаюць лекавымі ўласцівасцямі.
Валерый МАКАРЭВІЧ,
галоўны спецыяліст раённай інспекцыі
прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.