Сенненцы аддаюць прыватныя соткі сельгасарганізацыям узамен на дапамогу ў іх апрацоўцы

Кожны прыватнік ведае, колькі турбот дастаўляе прысядзібны ўчастак: апрацаваць зямлю, пасеяць (пасадзіць), дагледзець, убраць.

 Сёлета, выканкамы пярвічнага ўзроўню правялі сярод насельніцтва вялікую арганізацыйна-растлумачальную работу, каб уключыць  прыватныя соткі зерневых культур у агульны севазварот сельгасарганізацый. У выніку з гаспадарамі прыватнага сектара заключана звыш 870 дагавароў, адпаведна якіх 262,84 гектара прыватных пасеваў збожжавых размешчаны ў севазваротах адкрытых акцыянерных таварыстваў і камунальных унітарных сельгасарганізацый.

 Больш за ўсё дагавароў заключана ў Нямойтаўскім і Студзёнкаўскім сельсаветах: 231 і 224.

 Набліжаецца ўборка ўраджаю і, безумоўна, надзелы будуць убраны. Аднак нельга дапусціць, каб хаця б адзін грамадзянін, які даверыў «сваё зерневае поле» гаспадарцы, застаўся без абяцанага ўраджаю па закупачнай цане, што складзецца на момант уборкі.

 У Міхаіла Вілюгі, старшыні раённага Савета дэпутатаў, ёсць спісы грамадзян, з якімі заключаны дагаворы, па кожнай вёсцы раёна. Таму ён возьме гэту праблему пад асабісты кантроль, каб не загубіць давер людзей да мясцовых кіраўнікоў.