Сенненскае аўтапрадпрыемства працуе з прыбыткам

Існуе такое сцвярджэнне: хто хоча працаваць — шукае магчымасці,  хто не хоча — шукае прычыны.

 ААТ «Аўтатранспартнае прадпрыемства №20» г.Сянно адносіцца да ліку першых. У акцыянерным таварыстве працуюць 78 чалавек, 38 з іх — вадзіцелі. Парк пасажырскіх транспартных сродкаў налічвае 23 аўтобусы, грузавых — 14 МАЗаў.

 Пасажырскі аўтатранспарт, як вядома, вельмі стратны, але ў АТП гэта стратнасць перакрываецца даходамі, якія прыносіць дзейнасць грузавога парка. Кіраўніцтва аўтапрад­прыемства шукае больш прыбытковую работу для МАЗаў за межамі раёна. Грузавікі  таварыства працуюць у Віцебску, Оршы, Наваполацку.

 Акрамя асноўнай вытворчай дзейнасці прадпрыемства аказвае паслугі па шынамантажу (штомесячныя даходы складаюць прыкладна 6 млн рублёў), мыйцы аўтамабіляў. Дзейнічае платная стаянка.

 Такім чынам аўтатранспартнае прадпрыемства выжывае і на сённяшні дзень з’яўляецца прыбытковым.  Узровень заработнай платы расце кожны месяц. Калектыў пастаянна папаўняецца маладымі вадзіцелямі. Хаця ёсць і складанасці:  маладыя работнікі не заўсёды вытрымліваюць рэжым ненарміраванага рабочага дня, таму існуе невялікая цякучасць кадраў.

 Па меры магчымасці абнаўляецца аўтапарк. У 2010 годзе акцыянернае таварыства набыло 2 аўтамабілі «МАЗ», аўтобус «Радзіміч», легкавую машыну «Ніва Шэўрале». Летась купілі 3 МАЗы.

 Прадпрыемства працуе ў сферы абслугоўвання, таму вялі­кая ўвага ўдзяляецца культуры зносін. Работа вадзіцеляў адказная і нялёгкая, і захаванню рэжыму працы і адпачынку надаецца асаблівае значэнне. Абсталяваны месцы адпачынку, пакой прыёму ежы. Ёсць тэлевізар, мікрахвалевая печ, электрачайнік, неабходны посуд. Адным словам, той хто прыйдзе працаць у АТП-20, будзе забяспечаны і працай, і камфортным адпачынкам. 

 Таццяна Буракова.