Дэпутаты скінуліся і падарылі выхаванцам аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў Сенненскага ТЦСАН “лічбавік”
У канцы чэрвеня прэзідыум раённага Савета дэпутатаў разглядаў работу Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сенненскага раёна. Пры гэтым члены прэзідыума наведвалі аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў аграгарадках Ходцы і Багданава, а таксама аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў. Пры прэзентацыі апошняга шмат гаварылася аб добрачыннай спонсарскай дапамозе з боку арганізацый, устаноў і асобных грамадзян раёна, за што ім вельмі ўдзячныя маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі. І тут узнікла няёмкая сітуацыя: члены прэзідыума, быццам, у гасцях, але без падарунка, хаця візіт насіў звычайны рабочы парадак. І вось члены прэзідыума параіўшыся вырашылі зрабіць прэзент. Неўзабаве была набыта і ўручана лічбавая фотакамера.
НА ЗДЫМКУ: старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга ў прысутнасці некаторых членаў прэзідыума ўручае падарунак наведвальнікам аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў лічбавую фотакамеру.