Раўнадушша – самая заганная рыса характару

Вельмі часта ад бацькоў можна пачуць: «Мае дзеці — гэта мае, чужыя — ёсць чужыя, і мне ніякай справы няма да таго, што з імі, дзе яны». Пагадзіцца з такім меркаваннем немагчыма, якія б аргументы не прыводзіліся. Не жадаючы дапамагаць, адгароджваючы сябе і сваю сям’ю ад праблем грамадства, займаючы пазіцыю маўчання, людзі чарсцвеюць душой.

Нядаўна ў магазіне давялося назіраць наступнае. Жанчына, гадоў сарака, разлічвалася за пакупку — бутэльку таннага віна. Яе дачушка, дзіця дашкольнага ўзросту, увесь час імкнулася ўзяць з паліцы ці то цукерку, ці то вафельку. Жанчына сварылася на яе, вырывала ласункі з рук, даводзіла, што ёй гэта шкодна есці. Малышка была нямая, таму папрасіць альбо выказаць згоду з маці не магла. Дзяўчына, якая стаяла за імі, не вытрымала і прапанавала дзіцяці дзве цукеркі.  Зразумела, «заможную» жанчыну гэта абразіла: «Што вы сабе дазваляеце?! — літаральна закрычала яна. — я сама ў стане набыць пачастунак дзяўчынцы».

 У кароткім маналогу паведаміла, якая дачушка непаслухмяная, што ёй увогуле нічога не трэба купляць. Потым схапіла колькі «чупа-чупсаў» і ўпіхнула ў рукі малой. Людзі ў чарзе аблегчана ўздыхнулі, калі скандалістка выйшла з магазіна. А ў адрас дзяўчыны-спачувальніцы хтосьці прамовіў: «Малайчына, правільна зрабіла».

 Упэўнена, калі не кожны, то большасць з нас у падобнай сітуацыі паступілі б менаві­та так. Магчыма, калі б маці разлічвалася не за віно, а за хлеб, то і адносіны людзей былі б іншыя.

 Людзі прывыклі маўчаць. І калі адны лічаць, што ўмяшанне не дапаможа, то іншыя баяцца рэакцыі бацькоў.

 Бывае ўвесь дом ведае пра суседзяў, якія вядуць амаральны лад жыцця, не займаюцца выхаваннем сваіх дзетак, але да праваахоўных органаў не звернуцца, не ўздымуць трывогу.

 Вось яшчэ адна сітуацыя. На дзіцячай пляцоўцы брат і сястра, на выгляд 4-5 гадоў, гушкаліся на арэлях. Дзяўчынка ўпала, разбіла вусны. Мужчына, які стаяў побач, спыніў арэлі, але да дзіця не падышоў, не дапамог. Спалоханы брат хуценька абшчапіў сястру, якая крычала ад болю. Праз некалькі хвілін з магазіна, што знаходзіўся паблізу, бегла іх маці.

 Вынішчаюць людскія душы чэрствасць, абыякавасць — мая хата з краю. А як жа бацькоўскі інстынкт, меркаванне — сёння дапамог я, заўтра дапамогуць мне?!

Ала ЯКАЎЛЕВА.