Пра жудасны лёс малодшай сястры ўраджэнкі Сенненшчыны даведаліся з фільма

Нядаўна рэдакцыя нашай газеты атрымала водгук жыхаркі г.Сянно Раісы Ларыёнаўны Ермаловіч на матэрыял «Как истребляли Сенненское гетто», змешчаны ў № 36 за 8 мая 2012 года.

Калі аўтар пісьма прачытала  публікацыю, адразу ўспомніла, што расказвалі пра той час і тыя падзеі яе свякроў Вольга Фёдараўна і муж Леанід Іванавіч, родны пляменнік Уладзіміра Іосіфавіча Ермаловіча, пра якога гаварылася ў газеце.

Уладзімір Ермаловіч не толькі не адмовіўся ад сваіх траіх дзяцей Броні, Мані і маленькай Алачкі, але не захацеў пакідаць у бядзе і пасынкаў-яўрэяў Кельмана (Колю) і Барыса. Жонка Уладзіміра Іосіфавіча, Этка, была чыста­кроўнай яўрэйкай, вельмі прыгожай жанчынай. Калі яе арыштавалі, муж нічога не змог зрабіць, каб дапамагчы. Разам з іншымі яўрэямі Этку расстралялі.

Калі немцы прыйшлі за дзецьмі, бацьку прапанавалі аддаць іх узамен на жыццё. Ён адказаў: «Забірайце мяне, а дзяцей не чапайце». Ермаловіча арыштавалі, але ў турме ён не памёр, а быў расстраляны ў рове, непадалёку ад маслазавода (цяпер вытворчы цэх «Сенненскі»). Паблізу ад гэтага месца цяпер знаходзіцца брацкая магіла. Аднак прозвішчы многіх пахаваных там да гэтага часу не ўстаноўлены.

…А дзяцей адправілі ў канцлагер. Пасля вызвалення Коля, Барыс, Броня і Маня вярнуліся ў Сянно. А  пра лёс Алы доўга нічога не было вядома: дзеці запомнілі толькі, як іх разлучылі з сястрой.

Пасля заканчэння вучобы яны раз’ехаліся: хлопцы — у Ленінград, дзяўчаты — у Рыгу. Абзавяліся сем’ямі. Яны часта прыязджалі ў Сянно ў госці да свайго дзядзі Якава Іосіфавіча Ермаловіча і цётак Адэлі, Эміліі і Алены. Іх заўсёды сустракалі з радасцю і любоўю. Пасля смерці блізкіх сваякоў наведвацца ў Сянно яны сталі радзей і паступова сувязь з імі перапынілася.

У час сваіх прыездаў былыя малалетнія вязні расказвалі пра жахі канцлагера, пра тое, як здзекваліся над імі, як забралі маленькую Алу, калі тая захварэла на тыф.

Аднойчы, знаходзячыся ў Рызе, убачылі дакументальны фільм пра  канцлагер, у якім былі ў час вайны. З жахам яны глядзелі на экран, дзе паказвалі, як іх сястрычку Алу, разам з іншымі няшчаснымі, заганяюць у крэматорый, каб спаліць. Маня і Броня ледзь не страцілі прытомнасць.

«Нават падумаць страшна пра жахі вайны, якія давялося перанесці савецкім людзям. Трэба расказваць пра гэта дзецям, унукам і праўнукам, каб яны ведалі і разумелі, якой цаной дасталіся Перамога і мір», — такімі словамі скончыла сваё пісьмо Раіса Ларыёнаўна Ермаловіч.

Таццяна Буракова.