На Сенненшчыне прайшлі камандна-штабныя вучэнні з удзелам сіл тэрытарыяльнай абароны

У пачатку чэрвеня ў адпаведнасці з указаннем старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца міжведамасная камісія правяла праверку гатоўнасці тэрытарыяльнай абароны Сенненскага раёна. Яе вынікі мы абмяркоўваем з начальнікам групы тэрытарыяльнай абароны раённага ваеннага камісарыята, капі­танам Аляксандрам Казловым.

— Аляксандр Сяргеевіч, якое месца належыць тэрытарыяльнай абароне ў агульнай сістэме абароны нашай краіны? Задаю пытанне, бо гэтая структура ў краіне з’явілася адносна нядаўна, работа над яе фарміраваннем працягваецца.

— Стварэнне сістэмы тэрытарыяльнай абароны ў Рэспубліцы Беларусь вядзецца з 2002 года. Згодна з ваеннай дактрынай абарона дзяржавы павінна насіць усенародны характар, а стварэнне тэрытарыяльнай абароны павысіць магчымасці ваеннай арганізацыі па абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, паслужыць стварэнню ўмоў для ўстойлівага функцыянавання  дзяржаўных органаў  і арганізацый, эканомікі, аб’ектаў інфраструктуры і жыццядзейнасці насельніцтва пры ўзнікненні ваеннай пагрозы і ў ваенны час. Падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны займаюцца аховай і абаронай аб’ектаў, выконваюць асобныя баявыя задачы сумесна з воінскімі часцямі, вядуць барацьбу з дэсантна-дыверсійнымі сіламі ў выпадку ўзброенай агрэсіі. Для выканання гэтых і іншых задач якраз і ствараюцца сілы тэрытарыяльнай абароны, у якія ўваходзяць тэрытарыяльныя войскі, спецыяльныя злучэнні, воінскія часці ўнутраных войскаў МУС, тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў, ваенізаваная ахова арганізацый.

— Тэрытарыяльная абарона фарміруецца па тэрытарыяльнаму прынцыпу?

— Так. У краіне створана 7 зон тэрытарыяльнай абароны, якія адпавядаюць абласцям і Мінску. Начальнікамі зон тэрытарыяльнай абароны з’яўляюцца старшыні аблвыканкамаў, старшыня Мінскага гарвыканкама. У ваенны час яны ўзначальваюць адпаведныя саветы абароны. Начальнікам штаба і намеснікам начальніка зоны  з’яўляецца ваенны камісар. Па такому ж прынцыпу фарміруецца тэрытарыяльная абарона раёнаў, якую ўзначальваюць старшыні раённых выканаўчых камітэтаў.

— Вы сказалі, што работа па фарміраванні ваеннай абароны працягваецца…

— Сапраўды. Распрацоўваюцца новыя нарматыўныя дакументы, створаны і захоўваюцца неабходныя запасы матэрыяльных сродкаў, вядзецца падрыхтоўка ваеннаабавязаных асоб, якія пры неабходнасці ўвойдуць у састаў тэрытарыяльных войскаў. Рэгулярна праводзяцца камандна-штабныя вучэнні з удзелам сіл тэрытарыяльнай абароны, праверкі гатоўнасці тэрытарыяльнай абароны. Адна з іх прайшла нядаўна  ў Сенненскім раёне.

— Калі гэта не сакрэт, раскажыце чым скончылася праверка? Якія аспекты дзейнасці тэрытарыяльнай абароны раёна правяраліся?

— У час праверкі праведзена практычная пастаўка ваеннаабавязаных асоб, якія ў выпадку неабходнасці будуць несці службу ў тэрытарыяльных войсках. Мабілізацыйныя павесткі былі ўручаны больш чым 30 чалавекам. Праверана гатоўнасць базы правядзення мабілізацыі на пастаўку і прыняцце ваеннаабавязаных. Былі развернуты і практычна працавалі пункт папярэдняга збору ваеннаабавязаных і пункт прыёму асабовага саставу тэрытарыяльных войскаў.

Адначасова правяралася гатоўнасць РАНС і РАУС да дзеянняў у надзвычайных сітуацыях. Падраздзяленнямі раённага адзела па надзвычайных сітуацыях і персаналам цэха «Сенненскі» ААТ «Аршанскі малочны камбінат» вялася ліквідацыя наступстваў хімічнай аварыі, якая ўмоўна адбылася на вытворчым аб’екце. Для вырашэння пастаўленай задачы прыцягваліся іншыя арганізацыі горада, у тым ліку аварыйная служба РУП Сяннорайгаз, служба «хуткай дапамогі» ўстановы аховы здароўя «Сенненская ЦРБ».

Членамі міжведамаснай камісіі правераны месцы і парадак захавання запасаў матэрыяльных сродкаў для тэрытарыяльных войскаў, ступень гатоўнасці аб’ектаў тэрытарыяльнай абароны і адпаведных пасадавых асоб да  выканання задач па інжынернаму абсталяванню і ахове аб’ектаў у ваенны час.

— І які вывад зрабіла камісія?

— Кіраўніцтва і арганізацыі раёна гатовы да фармі­равання тэрытарыяльных войскаў і выканання задач тэрытарыяльнай абароны. Неабходныя дакументы распрацаваны, элементы базы правядзення мабілізацыі і адпаведныя адміністрацыі паказалі дастойныя практычныя навыкі. Экстранныя службы раёна ў нестандартных сітуацыях дзейнічаюць упэўнена.

Гутарыў Аляксандр ЛАЗЮК.