Як Сянно адзначыць сваё 570-годдзе?

Прайшло пасяджэнне камісіі па арганізацыі святкавання ў сувязі з 570-годдзем Сянно. Нараду правеў старшыня райвыканкама Віктар Цапота.

 Святочныя мерапрыемствы пройдуць 1 ліпеня ў парку 40-годдзя Перамогі. Як мяркуецца, удзел у іх прымуць не толькі сенненцы. Гасцямі і ўдзельнікамі свята стануць дэлегацыі з суседніх рэгіёнаў, знакамітыя землякі, былыя кіраўнікі раёна. Святкаванне Дня горада пачнецца ў 10.00 тэатралізаваным дзействам «Табе, любімы город». У першай яго частцы «Праз рэха стагоддзяў» будуць прадстаўлены асноўныя даты, падзеі, героі сенненскай даўніны. Другая частка  «Нам памяць сэрца гаворыць» прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны, жыццю і барацьбе жыхароў раёна ў гады нямецкай акупацыі. «Жыццё працягваецца» (трэцяя частка) раскажа аб сучаснасці, дасягненнях сённяшніх пакаленняў сенненцаў. Заключная частка, якая мае назву «Горад наш, мы з табой расцём», прэзентуе юных сенненцаў і іх справы.

 Безумоўна, цікавасць павінна выклікаць выступленне гістарычнага клуба «Варгенторн», што пачнецца ў 12.00. Гасцямі свята стануць і байцы сучаснага беларускага войска, у прыватнасці, вайсковай часці з Заслонава, якія прадэманструюць сенненцам свае ваенныя навыкі.

 Аматараў песні чакаюць выступленні творчых калектываў з Чашнікаў, Лёзна, прадпрыемстваў і арганізацый Сянно, устаноў культуры раёна. Гэтая канцэртная праграма завяршыцца ў 16.30. Будуць працаваць іншыя пляцоўкі: самадзейных мастакоў, народных умельцаў, рамеснікаў. Дарэчы, не толькі сенненскіх. На свята горада запрошаны Дамы рамёстваў з суседніх раёнаў.

 Забаўляльная праграма працягнецца ў 19.00 эстраднай праграмай «З днем нараджэння, горад мой!» удзельнікаў раённага фестывалю «Летні хіт», выступленнем эстраднай групы «Прывітанне, Антоніа!» гарадскога цэнтра культуры г. Віцебск і лаўрэата рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў ВІА «Сузор’е» г. Талачын.

 Завяршыцца вечар святочным салютам і дыскатэкай.

 Да свята застаўся тыдзень. Так што ў святочных мерапрыемствах яшчэ магчымы некаторыя змены па часе і змесце.